Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША пацьвердзілі падтрымку ўсходнеэўрапейскіх хаўрусьнікаў


Джо Байдэн

Джо Байдэн

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 18 сакавіка прыехаў у Польшчу для ўдзелу ў перамовах, мэта якіх — запэўніць усходнеэўрапейскіх хаўрусьнікаў у поўнай і ўсебаковай падтрымцы з боку Злучаных Штатаў.

Таксама плянуецца абмеркаваць варыянты зьніжэньня залежнасьці эўрапейскіх краін ад расейскіх энэргарэсурсаў.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Выступаючы на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, Байдэн асудзіў дзеяньні Масквы ў дачыненьні да Крыма.

«Расея прадставіла самыя розныя аргумэнты, спрабуючы абгрунтаваць тое, што па сутнасьці справы зьяўляецца захопам чужой тэрыторыі», — падкрэсьліў віцэ-прэзыдэнт ЗША.

Джо Байдэн сустрэнецца таксама з кіраўнікамі Эстоніі, Латвіі і Літвы — краінамі, якія лічаць Злучаныя Штаты непасрэдным гарантам сваёй бясьпекі.

Цяпер войскі НАТО праводзяць вучэньні на поўначы Нарвэгіі — у рамках буйнамаштабных манэўраў Exercise Cold Response 2014, заплянаваных яшчэ да пачатку крызысу ва Ўкраіне. Адсюль да расейскай мяжы усяго 450 кілямэтраў. У манэўрах бяруць удзел 15 краін і 16 тысяч вайскоўцаў.

У мінулы панядзелак Эўразьвяз адрэагаваў на дзеяньні Расеі, увёўшы санкцыі ў дачыненьні да 21 расейскага грамадзяніна — у дадатак да сьпісу з 11 фізычных асобаў, складзеным Злучанымі Штатамі. Паводле словаў міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Ўільяма Хэйга, гэта сьведчыць пра тое, што ў Эўропе дасягнутае адзінства меркаваньняў па дадзеным пытаньні.
XS
SM
MD
LG