Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча бараніць расейскамоўных і на Ўсходзе Ўкраіны


Уладзімер Пяскоў

Уладзімер Пяскоў

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў перасьцярог у аўторак, што калі новае кіраўніцтва Украіны ня будзе «абараняць расейскае насельніцтва», то Расея «ня зможа не адрэагаваць» і «будзе вымушаная абараняць расейцаў і таксама ўкраінцаў», якія жывуць на Ўсходзе Украіны.

Выступаючы ў эфіры брытанскай тэлерадыёкампаніі «Бі-Бі-Сі» , Пяскоў заявіў, што быццам на ўсходзе Ўкраіны адбываюцца сутычкі з удзелам «узброеных баевікоў, экстрэмістаў, якія прыбываюць з заходняга рэгіёну».

Паводле ягоных слоў, у Маскве цяпер ніхто не кажа пра ўжываньне сілы на ўсходзе Ўкраіны, але адначасова Масква і ня хоча рабіць ніякіх прагнозаў адносна магчымага кровапраліцьця ў гэтым рэгіёне.

Ён таксама заявіў, што пра пагрозы бясьпекі расейцаў і расейскамоўных ва Ўкраіне «ведае не па СМІ, а ад відавочцаў», і што ў Расею ўцякае ўсё больш людзей «ад пагроз экстрэмістаў, якія ідуць з Захаду Украіны».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін некалькі тыдняў таму гэтак жа запэўніваў, што размова ня йдзе аб анэксіі ўкраінскага Крыму.

У апошнія тыдні на ўсходзе Ўкраіны адбыўся шэраг сутыкненьняў паміж мясцовымі прыхільнікамі адзінства Ўкраіны і расейскімі экстрэмістамі, часам узброенымі, частка якіх прыбывала з тэрыторыі Расеі.

Расейскія сродкі масавай інфармацыі ўжо шмат разоў сьцьвярджалі, быццам з Украінай усё расьце паток бежанцаў ад «бандэраўцаў», але гэтыя паведамленьні кожны раз аказваліся ілжывымі.
XS
SM
MD
LG