Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум з такім пытаньнем (не ў дакладнай фармулёўцы, а па сэнсе) мусіць правесьці ў бліжэйшы час Аляксандар Лукашэнка. Але ня з мэтай зрабіць Беларусь чарговым суб’ектам Расейскай фэдэрацыі, а з мэтай адваротнай – пазьбегнуць для Беларусі такога лёсу. Не п’яны я і нічога не паліў. А лёгіка вельмі простая.

Ня будзем адмаўляць відавочнага: як толькі нейкім чынам улагодзіцца сытуацыя з Украінай (вынікам чаго стане анэксія аднаго толькі Крыму ці ўсіх усходніх абласьцей), Беларусь – першая ў сьпісе што да чарговае агрэсіі Расеі. Апэтыты прапагандай узрушанага і даведзенага да стану вялікадзяржаўнай істэрыі расейскага грамадзтва будуць вымагаць наступных крокаў, скіраваных на пашырэньне «новай расейскай імпэрыі», працягу экспансіі. Відавочна, што пашырэньне такое сёньня магчыма толькі з ужываньнем вайсковае сілы, праз лёгіку «падтрымкі рускамоўнага насельніцтва». Вядомая і тактыка – паглядзіце, што адбываецца гэтымі днямі ў Данецку, Харкаве і Луганску.

Чаму толькі праз вайну? Таму што прыклад Крыму, безумоўна, напужаў эліты – што бізнэсовыя, што палітычныя – нават у саюзных Расеі дзяржавах, такіх як Беларусь і Казахстан. І ніводзін разумны палітык нават у гэтых краінах сёньня добраахвотна не далучыцца да СССР-2. Бо ў выпадку шчыльнай палітычнай інтэграцыі з Расеяй хто гарантуе прызнаньне правоў уласнасьці? Ніхто (чакаем на хуткую нацыяналізацыю ў Крыме ды перадачу актываў расейскаму бізнэсу). Хто гарантуе захаваньне паўнамоцтваў палітычнай эліце? Ніхто (чакаем адпаведных перамоваў Масквы і Сімферопалю і не зьдзіўляемся, калі Сімферопалю амаль нічога не застанецца. І хутка пабачым «маскоўскія» прызначэньні на крымскія пасады).

У гэтай сытуацыі рэфэрэндум, на якім большасьць беларусаў выкажацца супраць уваходжаньня ў склад Расеі, пазбаўляе Пуціна любых легітымных падставаў для ўмяшаньня ў беларускія справы. У выпадку з Крымам падставай для далучэньня яго да Расеі (хай сабе і штучнай) сталі менавіта вынікі рэфэрэндуму. У выпадку з Беларусьсю такога «падарунку» ня будзе.

Але ці ўпэўнены я ў адмоўных выніках рэфэрэндуму? Безумоўна. Хаця, здавалася б, у Беларусі моцныя прарасейскія настроі. Больш за тое, яны павялічыліся пасьля падзеяў ва Ўкраіне – большасьць беларускага грамадзтва ў гэтым канфлікце падтрымала Маскву. Ясна таксама, што ў Беларусі яшчэ даволі моцны ўплыў на грамадзкую думку маюць расейскія сродкі масавай інфармацыі.

Аднак, па-першае, давайце пагодзімся – яшчэ ніводзін рэфэрэндум у Беларусі ня скончыўся з вынікам, супрацьлеглым таму, якога жадаў і чакаў ініцыятар высьвятленьня «волі народу». Ну вось любіць наш народ падтрымліваць ініцыятара рэфэрэндумаў у ягоных марах, што зробіш. А што найважней, любіць гэта рабіць і Цэнтральная выбарчая камісія.

Па-другое, шматлікія сацыялягічныя апытаньні сьведчаць – прарасейская пазыцыя грамадзтва моцная толькі тады, калі размова ідзе пра эканамічную інтэграцыю. І зусім іншыя лічбы ўзьнікаюць, калі пытаньне жорстка фармулюецца што да ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі, хай сабе і аўтаноміяй, а не звычайным суб’ектам фэдэрацыі. Апошняе, што я бачыў на гэты конт – апытаньне 2013 году Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. Там нават сярод прыхільнікаў шчыльнай інтэграцыі з Расеяй, толькі 6,3% – тыя, хто гатовы ўвайсьці ў склад Расеі ў якасьці аўтаноміі. Гэта 2,7% ад агульнай колькасьці апытаных. Ну як можна прайграць такі рэфэрэндум?

Прычым у Беларусі, дзе раскол па тэрытарыяльная прыкмеце калі і заўважны, то ледзь-ледзь, мы не атрымаем сытуацыі, калі хоць адзін рэгіён большасьцю прагаласуе за ўваходжаньне ў склад Расеі. Дык мо і сапраўды правесьці? Пакуль такі ж самы рэфэрэндум не прайшоў пад кантролем «зялёных чалавечкаў», казакоў ды «назіральнікаў» у выглядзе прадстаўнікоў праварадыкальных эўрапейскіх і расейскіх партыяў.

І апошняе. Калі ўзьнікла думка напісаць гэты блог, спэцыяльна паглядзеў – ці ня буду семдзесят восьмым ці хай сабе восьмым, хто прапануе такі варыянт. Высьветлілася – ня першы я. Другі. Але той, хто мяне апярэдзіў, агучыў падобную ідэю не для Беларусі, а для Ўкраіны. Гэта быў амэрыканскі гісторык і палітоляг украінскага паходжаньня Аляксандар Матыль. У апошнім нумары часопісу Foreign Affairs (пераклад на ўкраінскую мову тут) ён называе рэфэрэндум ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, праведзены пад кантролем ААН, адзіным выйсьцем зь сёньняшняга крызісу і магчымасьцю прадухіліць расейскую анэксію і гэтых рэгіёнаў. Матыль, дарэчы, упэўнены, што калі ня будзе ціску, большасьць жыхароў нават усходу Ўкраіны выкажуцца супраць уваходжаньня ў Расею. Калі ўкраінцы не баяцца прапанаваць такое, чаго баяцца нам?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG