Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскі «рэфэрэндум» і наступствы для Беларусі


Салют па сканчэньні «рэфэрэндуму» ў Крыме
Салют па сканчэньні «рэфэрэндуму» ў Крыме

Крымскі крызіс будзе мець вялікі ўплыў на ўсю сыстэму міжнародных дачыненьняў. Як зьменіць сьвет расейска-ўкраінскі канфлікт? Як гэта паўплывае на сувэрэнітэт Беларусі? Які ўплыў на Беларусь акажа новае выданьне «халоднай вайны» між Расеяй і Захадам?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Як зьменіць сьвет расейска-ўкраінскі канфлікт?


Валер Карбалевіч: «Некаторыя экспэрты кажуць, што пасьля далучэньня Крыму да Расеі пачынаецца новая эпоха. Зь іншымі ўяўленьнямі пра міжнароднае права, перадзелам сьвету. Удзельная вага Захаду ва ўсясьветнай палітыцы зьменшыцца? Пачнецца новая „халодная вайна“?»

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў: «Цяжка пакуль рабіць канчатковыя высновы. Але нельга аспрэчваць, што падзеі рухаюцца менавіта ў гэтым кірунку. Расея прадэманстравала, што не зьбіраецца выконваць міжнародныя пагадненьні. Захад мусіць нейкім чынам рэагаваць. Хоць пакуль мы бачым вельмі сьціплую рэакцыю, але я не выключаю, што пазьней яна будзе больш жорсткая. І мы скоцімся ў „халодную вайну“. Ня ўпэўнены, што яна можа дасягнуць такой вастрыні, як падчас першай „халоднай вайны“, але вострае супрацьстаяньне абсалютна непазьбежнае».

Карбалевіч: «А Будапэшцкі мэмарандум, які прадугледжвае гарантыю вялікіх дзяржаў тым краінам, якія пасьля распаду СССР вывелі з сваёй тэрыторыі ядзерную зброю (Беларусь, Казахстан, Украіна), цяпер стаў пустой паперай?»

Фёдараў: «Як паказалі апошнія падзеі, фактычна так. Адзін з гарантаў — Расея — ня толькі не абараняе сувэрэнітэт Украіны, а забірае ў яе частку тэрыторыі. І другія гаранты ня могуць нічога істотнага зрабіць».

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч: «Я лічу, што сьвет ужо зьмяніўся. Мы проста яшчэ не адчуваем гэтага. Бо мір у сьвеце трымаўся на міжнародных пагадненьнях, міжнародным праве. Пасьля апошніх падзей сьвет трымаецца не на праве, а на сіле і страху. Будапэшцкі мэмарандум ня можа быць выкананы нават трыма краінамі, якія маюць ядзерную зброю і зьяўляюцца сталымі чальцамі Рады Бясьпекі ААН. Гэта дае карт-блянш, ня стрымлівае, напрыклад, Кітай, які захоча падпарадкаваць сабе Тайвань. Дый малыя краіны, якія маюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў, пачнуць парушаць міжнароднае права. Вось такая новая рэчаіснасьць».


Як крымскі крызіс паўплывае на сувэрэнітэт Беларусі?


Карбалевіч: «Новае стаўленьне Расеі да сувэрэнітэту суседніх краін, спробы перайграць вынікі распаду СССР вядуць да новых умоваў для Беларусі. Ці гульня ў сувэрэнітэт скончыцца? Тое, як хутка ўламала Масква Лукашэнку на разьмяшчэньне тут расейскіх самалётаў, ці паказвае, што завяршылася тая эпоха, калі кіраўнік Беларусі дазваляў сабе нафтавыя, малочныя ці калійныя войны з Расеяй?»

Фёдараў: «Як гэта ні прыкра, але вельмі падобна да таго. Той сувэрэнітэт, які Беларусь мела дагэтуль, нельга лічыць сапраўдным. Цяпер Расеі няма чаго губляць, свой міжнародны імідж яна страціла. І РФ можа пачаць рабіць аналягічныя крокі адносна Беларусі. Бо нашу краіну Расея яшчэ ў большай ступені лічыць сваёй тэрыторыяй, чым Украіну. Таму Масква будзе па кавалках абмяжоўваць сувэрэнітэт Беларусі, а ўрэшце можа ператварыць нашу краіну ня толькі ў свайго сатэліта, але і зрабіць часткай сваёй тэрыторыі».
Рэжым Лукашэнкі страціў кантроль над беларускім войскам. Ён здае Расеі кантроль над Беларусьсю

Мацкевіч: «У мяне трохі іншы погляд. На пачатку крымскага крызісу ўзьнікла пытаньне, ці далучыцца Беларусь як бліжэйшы саюзьнік Расеі да расейскай агрэсіі. Тады я казаў, што наша краіна не далучыцца да гэтай агрэсіі, але калі РФ спатрэбіцца беларуская тэрыторыя для ціску на Ўкраіну, то ніхто ня будзе пытацца ў беларускага кіраўніцтва дазволу. То бок войска Беларусі ня будзе ўдзельнічаць у канфлікце, але ж зь беларускай тэрыторыі магчымыя тыя ці іншыя правакацыі адносна Ўкраіны. Так і адбылося. Рэжым Лукашэнкі страціў кантроль над беларускім войскам. Ён здае Расеі кантроль над Беларусьсю».

Карбалевіч: «А ці разумее гэтую небясьпеку Лукашэнка? Бо тут жа небясьпека ня толькі для краіны, але і для ягонай улады, што для кіраўніка Беларусі вельмі важна».

Мацкевіч: «Думаю, што ён разумее і знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Бо ён страчвае прывабнасьць сярод прарасейскай часткі беларускага грамадзтва, якое падтрымлівае анэксію Крыму. Бо Лукашэнка ж маўчыць. І тым больш ён страчвае ў вачах нацыянальна арыентаванай ці нават нэўтральнай публікі Беларусі.

Лукашэнка нічога не „зарабіў“ на гэтым канфлікце, як ні хацеў. Бо з пачатку канфлікту ён імкнуўся выступіць пасярэднікам. Але з гэтага нічога не атрымалася, бо аўтарытэт і імідж Лукашэнкі вельмі кепскі і сярод украінцаў, і сярод расейцаў, і ў сьвеце».
Пагаджуся, што большасьць беларусаў падзяляе расейскую пазыцыю. Аднак на сувэрэнітэт Беларусі гэта ніяк не паўплывае, бо гэтых людзей беларускі сувэрэнітэт не асабліва турбаваў

Карбалевіч: «Падаецца, што большасьць беларускага грамадзтва глядзіць на гэты крызіс вачыма расейскіх тэлеканалаў. Гэта яшчэ больш пагражае беларускаму сувэрэнітэту?»

Фёдараў: «Пакуль няма сацыялягічных апытаньняў. Але я пагаджуся, што большасьць беларусаў падзяляе расейскую пазыцыю. Аднак на сувэрэнітэт Беларусі гэта ніяк не паўплывае, бо гэтых людзей беларускі сувэрэнітэт не асабліва турбаваў.

Вось калі пачнецца расейска-ўкраінская вайна, беларусаў прымусяць ваяваць на баку Расеі, у Беларусь пойдуць цынкавыя труны, — вось тады настроі беларускага грамадзтва памяняюцца. Вось тады адчуваньне неабходнасьці незалежнасьці Беларусі моцна актуалізуецца. Але, думаю, да гэтага справа ня дойдзе, Расея сама дасьць рады».


Які ўплыў на Беларусь акажа «халодная вайна» між Расеяй і Захадам?


Карбалевіч: «Цяпер, ва ўмовах „халоднай вайны“, якая пачалася паміж Расеяй (а значыць, і Беларусьсю) і Захадам, мяняецца ўся парадыгма дачыненьняў паміж Менскам і ЭЗ. Цяпер Захад ужо ня толькі геапалітычны вораг, але і ідэйны вораг. То бок сама ідэя дэмакратыі і правоў чалавека стане разглядацца як інструмэнт у руках Захаду дзеля падпарадкаваньня постсавецкіх дзяржаваў. І тэма правоў чалавека зьнікне з парадку дня дачыненьняў паміж Менскам і ЭЗ. І цяпер ужо беларускім уладам будзе няважна, што скажа Захад пра палітзьняволеных, выбары і інш. Ці падзяляеце вы такую вэрсію?»

Мацкевіч: «Я разумею такую вэрсію, але не лічу яе найбольш праўдападобнай. Бо беларускі рэжым прызвычаіўся гуляць на розьніцы інтарэсаў Расеі і Захаду. І цяпер будзе працягваць такую гульню. Думаю, Лукашэнка будзе гуляць з ЭЗ, дэманстраваць паказную лібэралізацыю. А Захад прыме такую гульню, каб падтрымаць дыстанцыяваньне Менску ад Расеі».

Карбалевіч: «Сп. Фёдараў, ці вы згодны з тым, што цяпер зьяўляецца новае поле для гульні з Захадам, як лічыць сп. Мацкевіч? Ці, наадварот, зьнікае тое поле, якое было? Вось глядзіце, як брутальна арыштавалі перадвыбарчы пікет, ягоных удзельнікаў судзілі. Раней такога не было, падчас выбараў пікеты дазвалялі. Ці ня лічыце вы гэта злавесным сымптомам?»

Фёдараў: «Не пагаджуся з сп. Мацкевічам. Цяпер нават калі афіцыйны Менск і паспрабуе гуляць з Захадам, дык Масква не дазволіць. Бо навідавоку абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі.

Але я ня згодзен, што ідэалягічнае супрацьстаяньне зьявіцца толькі цяпер, бо яно заўсёды было. Захад будзе спрабаваць акцэнтаваць увагу на правах чалавека. Можа, гэта адзінае, што яму застаецца. Як гэта рабіў Захад адносна СССР. Але вынікі для Беларусі будуць, думаю, ня вельмі абнадзейвальныя. Я ў гэтым сэнсе пэсыміст».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG