Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Украіны ўпэўнены, што Беларусь у сьпіну ня ўдарыць


Бел-чырвона-белы сьцяг на Майдане

Бел-чырвона-белы сьцяг на Майдане

«Не чакаем, што Беларусь ударыць нас у сьпіну. Упэўнены, што ня ўдарыць», — заявіў БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль, адказваючы на пытаньне, ці не апасаецца Ўкраіна таго, што Беларусь можа прыняць бок Расеі ў расейска-украінскім канфлікце.

Ежаль нагадаў, што раней афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі ўжо выказваліся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. «Мы ўдзячныя Беларусі за яе ўзважаную пазыцыю. Беларусь заняла дакладную пазыцыю аб недатыкальнасьці нашых межаў і цэласнасьці тэрыторыі», — сказаў украінскі пасол.

Ежаль падкрэсьліў, што для Ўкраіны вельмі важная гэтая падтрымка, таму што Беларусь зьяўляецца адным з найбліжэйшых яе партнэраў.

На пытаньне, ці няма ва Ўкраіны апасеньняў наконт таго, што Крэмль можа націснуць на беларускае кіраўніцтва, Міхаіл Ежаль адказаў: «Ваш прэзыдэнт ужо сказаў: ніхто на мяне ня ціснуў і ня будзе ціснуць. Ён сьмела і адкрыта сказаў гэта на ўвесь сьвет».

Нагадаем, 12 сакавіка на пасяджэньні Савета бясьпекі Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ніякага націску з боку Крамля ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне на яго няма. «На мяне ніхто ня цісьне, ніякія крамлі і іншыя на мяне ніколі ня ціснулі. Таму што гэта, па-першае, беспэрспэктыўна ці, як кажуць дыпляматы, контарпрадуктыўна. На мяне няма чаго ціснуць».

Рэакцыі з боку афіцыйнага Мінска на апошнія падзеі вакол Крыма пакуль не было.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG