Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны камітэт: Беларуска-ўкраінская мяжа ўзмоцнена мабільнымі заставамі


Памежны камітэт Беларусі пацьвердзіў захады па ўзмацненьні беларуска-ўкраінскага ўчастку дзяржаўнай мяжы. Міністэрства абароны пра ўзмацненьне на ўкраінскім кірунку кажа: «Ідзе плянавая праверка».

Ахова беларуска-ўкраінскага ўчастку дзяржаўнай мяжы ўзмоцненая, і гэта зьвязана з падзеямі ўва Ўкраіне. Пра гэта паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка. Паводле яго, узмацняць ахову памежнікі пачалі з канца мінулага году, што супала з абвастрэньнем напружанасьці ўва Ўкраіне. Аляксандар Цішчанка пералічыў дадатковыя захады, якія былі зробленыя:

«Большыя нарады, больш праверачных мерапрыемстваў, прафіляктычныя мерапрыемствы ў прымежнай зоне, у тым ліку з пункту гледжаньня кантрабанды. Зараз вельмі вялікая плынь ідзе кантрабанды. Больш узаемадзейнічаем зь міліцыяй».

За кошт якіх сілаў удалося павялічыць памежныя нарады? Ці спатрэбілася перакідаць на беларуска-ўкраінскі ўчастак мяжы памежнікаў зь іншых участкаў? Паводле Аляксандра Цішчанкі, за кошт іншых участкаў узмацненьне не рабілася, але для гэтага ёсьць і іншыя магчымасьці — у прыватнасьці, выкарыстаньне «мабільных заставаў»:

«У дадзеным выпадку манэўр сіламі і сродкамі можа праводзіцца ў любы час. Мы пэрыядычна ўзмацняем участкі, дзе гэта патрэбна. Дзеля гэтага ёсьць мабільныя заставы, якія дзеля таго і існуюць, каб іх перакідвалі на найбольш складаны напрамак. На беларуска-ўкраінскай мяжы такія мабільныя заставы цяпер ёсьць».

Паводле Аляксандра Цішчанкі, пункты пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы працуюць «штатна».
Мы пэрыядычна ўзмацняем участкі, дзе гэта патрэбна. Дзеля гэтага ёсьць мабільныя заставы

Некаторыя крыніцы ў інтэрнэце паведамілі, што ў паліклініцы Баранавічаў 17 сакавіка назіраўся наплыў наведнікаў, якія прыйшлі на мэдычную камісію паводле накіраваньня зь мясцовага ваенкамату. Згодна з крыніцамі, ваенкамат нібыта рыхтуецца да дадатковага прызыву былых памежнікаў і служачых унутраных войскаў. Аднак баранавіцкі ваенком Вадзім Каролік гэтыя зьвесткі абверг:

«У нас выклікаюць на камісію людзей плянава, але такога, як вы пералічылі, няма».

Зь мінулага тыдня на аэрадроме ў Бабруйску зьявіліся 6 расейскіх зьнішчальнікаў і тры транспартныя самалёты. Паводле прэсавай службы Міністэрства абароны, гэтыя самалёты ўдзельнічаюць у плянавай праверцы баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, якую ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка. Ці назіраецца актывізацыя беларускіх паветраных сілаў?

Паводле парталу «Мэдыя-Палесьсе», у Лунінцы з 15 сакавіка на баявое дзяжурства заступілі некалькі «МІГ-29» і верталётаў «МІ-8», перакінутых з авіябазаў у Баранавічах і Пружанах. Партал спасылаецца на ананімную крыніцу. У Міністэрстве абароны гэтыя зьвесткі наўпрост не камэнтуюць, але на сайце Мінабароны зьявілася інфармацыя, якая іх ускосна пацьвярджае. «14 сакавіка ў адпаведнасьці з плянам праверкі ажыцьцёўлены пералёт часткі авіяцыі ВПС і войскаў СПА Рэспублікі Беларусь на падрыхтаваныя аэрадромы», — паведамляе сайт, не называючы гэтых аэрадромаў. Таксама Мінабароны прызнае і падвышэньне актыўнасьці сухапутных сілаў на заходнім кірунку, але называе гэта «плянавымі стрэльбамі». Кіраўнік управы інфармацыі Міністэрства абароны Ўладзімер Мацьвееў:

«Вось пішуць, што „на Госкім палігоне блізу заходняй мяжы праведзеныя манэўры сухапутных войскаў“. Глупства велізарнае! Гэта была плянавая штатная стральба з БПМ ці танкаў, здаецца, штатнымі снарадамі. Гэтая стральба была сплянаваная зь мінулага году і праводзіцца два разы на год».

Таксама Мінабароны паведаміла, што пачаліся тактычныя вучэньні з удзелам падразьдзяленьняў беларускіх зэнітчыкаў. У прыватнасьці, у вучэньнях бяруць удзел зэнітчыкі 740-й ракетнай брыгады Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня і 120-й ракетнай брыгады Заходняга камандаваньня. Калі будуць скончаныя гэтыя манэўры, не паведамляецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG