Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская газэта Guardian лічыць неапраўданымі абвінавачаньні амэрыканцаў у крывадушнасьці, якія прагучалі ў некаторых расейскіх СМІ ў сувязі зь нібыта «падвойнымі стандартамі» Вашынгтону ў пытаньнях адлучэньня Крыму ад Украіны сёлета і набыцьця незалежнасьці Косавам ў 2008 годзе.

Паводле Крамля, у тэлефоннай размове з Баракам Абамам у нядзелю, у дзень крымскага рэфэрэндуму, Уладзімір Пуцін сказаў, што тое, што адбываецца на Крыме, праходзіць дакладна ў рамках «косаўскага прэцэдэнту».

Guardian тлумачыць, чаму нельга правесьці поўнай аналёгіі паміж Косавам і Крымам:

«Паралелі падаюцца даволі відавочнымі: падобна як Крым, Косава было аўтаномнай рэспублікай з большасьцю грамадзянаў, якія належалі да этнічнай меншасьці. І этнічныя альбанцы ў Косаве баяліся сэрбскіх рэпрэсій, як расейцы ў Крыме баяліся ўкраінскіх нацыяналістаў, якія нядаўна прыйшлі да ўлады ў Кіеве.

Але ёсьць розьніца: у Косаве ЗША падтрымлівалі тэрыторыю, якая абвясьціла аб сваёй незалежнасьці пасьля 10 гадоў сыстэматычнага перасьледу і карпатлівых перамоваў аб набыцьці аўтаноміі. Цяпер жа Масква і Вашынгтон спрачаюцца аб праведзеным на хуткую руку рэфэрэндуме аб незалежнасьці — нягледзячы на адсутнасьць доказаў этнічнага перасьледу, адсутнасьць мірных перамоваў і наўпроставую супярэчнасьць зь міжнародным правам. (...)

У 1999 годзе, без санкцыі з боку ААН, НАТО выкарыстала вайсковую сілу супраць Сэрбіі ў Косаве, забіўшы сотні чалавек. Расея дзейнічала ў Крыме больш непрыкметна і мірна, узяўшы паўвостраў пад свой кантроль практычна без адзінага стрэлу.

Пункт на карысьць Масквы, здавалася б.

Адно што касавары тады маглі дакумэнтальна прадставіць доўгі шэраг сэрбскіх злоўжываньняў і выпадкаў перасьледу, перш чым абвясьціць сваю незалежнасьць. А ЗША тады маглі прадставіць рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН № 1199 (якую падтрымала і Расея), у якой выказвалася заклапочанасьць «празьмерным і непераборлівым выкарыстаньнем сілы сэрбскімі сіламі бясьпекі і югаслаўскай арміяй, якое прывяло да шматлікіх ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва».

У адрозьненьне ад гэтага, Расея ў Крыме дзейнічала ў аднабаковым парадку — да таго, афіцыйна расейскія ўлады да гэтага часу адмаўляюць, што тэрыторыю паўвострава кантралююць расейскія войскі.

У Косаве дзеяньні НАТО давялі да стварэньня дэ-факта незалежнай дзяржавы. Тым ня менш Косава стала на шлях да незалежнасьці амаль празь дзесяць гадоў бясплённых перамоваў, якія спрабавалі задаволіць сэрбскія і расейскія інтарэсы.

Крымскі рэфэрэндум, заўважце, быў заплянаваны менш чым два тыдні пасьля таго, як Расея захапіла кантроль над паўвостравам.

Вялікая розьніца паміж Косавам і Крымам і ў тым, што ЗША ўжылі вайсковыя захады толькі пасьля таго, як дыпляматы пераспрабавалі мноства іншых варыянтаў. Расея, са свайго боку, спачатку выбрала акупацыю, а ўжо потым — перамовы. Цынікі могуць сказаць, што вынікі аказаліся аднолькавымі. Але ў замежнай палітыцы працэс мае значэньне; у выпадку Расеі яго не было.

Гэтым мы зусім ня хочам сказаць, што Злучаныя Штаты свабодныя ад крывадушнасьці, або што крытыкі палітыкі ЗША ў дачыненьні да Косава не папярэджвалі, што нешта падобнае можа паўтарыцца. Абаронцы дзеяньняў Расеі ў Крыме могуць аргумэнтаваць, што гэта Злучаныя Штаты адкрылі дзьверы для такіх дзеяньняў — але гэта будуць ня вельмі пераканаўчыя аргумэнты".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG