Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пашыраць санкцыі супраць Расеі


Белы дом

Белы дом

Белы дом мае намер ужо да канца гэтага тыдня ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN, спасылаючыся на высокапастаўленых прадстаўнікоў амэрыканскай адміністрацыі.

Паводле паведамленьня, усьлед за абвяшчэньнем санкцыяў адносна сямі расейскіх і чатырох украінскіх афіцыйных асобаў у панядзелак у Белым доме адбылася дзьвюхгадзінная сустрэча, на якой абмяркоўваліся далейшыя крокі.

Дадатковыя санкцыі могуць быць абвешчаныя, нават калі Расея ня будзе рабіць якіх новых крокаў у дачыненьні да Крыму ці Ўкраіны.

«Мы сёньня ўжо працуем над шырэйшым, чым з 11 імёнаў, сьпісам асобаў», — сказаў тэлеканалу высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі, дадаўшы, што да канца тыдня да яго могуць дадацца новыя імёны.

Спасылаючыся на крыніцы ў адміністрацыі, тэлеканал адзначыў, што ў сьпіс, у прыватнасьці, унесеныя прадстаўнікі абарончага сэктару Расеі.

Аднак, як адзначылі крыніцы, сьпіс — толькі вяршыня айсбэрга на фоне магчымых эканамічных санкцыяў.

Па словах прадстаўнікоў адміністрацыі, Вашынгтон дамовіўся з эўрапейскімі партнэрамі пра тое, каб зь цягам часу разгледзець пытаньне і аб увядзеньні шырокіх эканамічных санкцыяў супраць банкаўскага і энэргетычнага сэктараў Расеі.
XS
SM
MD
LG