Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя гатовая адмовіць Расеі ў продажы «Містраля» і не выключае сілавога адказу


Францыя «можа разгледзець» верагоднасьць адмовіцца ад продажу вайсковага карабля «Містраль» Расеі, калі Крэмль працягне наступ ва Ўкраіне.

Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Францыі Ляран Фабіюс у эфіры францускага тэлеканалу Tf1.

«Гэта частка трэцяга ўзроўню санкцыяў. Напрыклад, мы цяпер на другім», — адзначыў ён.

Фабіюс падкрэсьліў, што іншыя эўрапейскія краіны таксама павінны ўвесьці санкцыі супраць Расеі.

«Калі Пуцін працягне тое, што ён робіць, мы можам разгледзець адмову ад продажу (карабля Містраль), але мы патрабуем ад іншых краін, я думаю, асабліва ад Вялікай Брытаніі, зрабіць тое ж самае з актывамі расейскіх алігархаў у Лёндане», — адзначыў ён.

Фабіюс дадаў, што скасаваньне кантракту на продаж «Містраля» адмоўна адаб’ецца і на Францыі.

Адказваючы на пытаньне, што рабіць, калі Пуцін вырашыць анэксаваць усход Украіны, Фабіюс адзначыў:

«Павышэньне ўзроўню санкцыяў паўплывае на эканоміку Расеі — гэта рухавік „армейскай машыны“. І па-другое, пасьля пэўнай мяжы будзе рэакцыя, якая ўключае сілу. Украіна ўжо абвясьціла пра мабілізацыю», — адзначыў ён.

Гэты крызіс «найбольш сур’ёзны з часоў халоднай вайны», падкрэсьліў міністар.

«Калі адна краіна можа пакласьці лапу на іншую, гэта азначае, што ў сьвеце больш не існуе ніякай мяжы, якая была б абароненая», — дадаў ён і падкрэсьліў, што Расея парушае нормы міжнароднага права.

Кантракт на пастаўку двух караблёў стаў першай дамовай пра набыцьцё Расеяй вайсковай тэхнікі на Захадзе з часоў распаду СССР. Набыцьцё «Містраля» давала Расеі доступ да перадавых вайсковых тэхналёгіяў, нагадвае «Ўкраінская праўда».
XS
SM
MD
LG