Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыводзім поўны тэкст выступу прэзыдэнта ЗША Барака Абамы з нагоды крызісу ва Ўкраіне.

У апошнія месяцы жыхары Ўкраіны выказалі сваю волю, і намі кіраваў асноватворны прынцып — рашэньні аб будучыні Ўкраіны можа прымаць толькі народ Украіны. Гэта значыць, што неабходна прытрымлівацца сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і паважаць міжнароднае права.

І таму рашэньне Расеі накіраваць свае войскі ў Крым выклікала законнае асуджэньне ва ўсім сьвеце. З самага пачатку Злучаныя Штаты вырашылі мабілізаваць міжнародную супольнасьць на падтрымку Ўкраіны, каб ізаляваць Расею за яе акцыі і каб надаць упэўненасьці нашым саюзьнікам і партнэрам. Мы маглі назіраць гэта міжнароднае адзінства ў мінулы ўікэнд, калі Расея засталася на адзіноце, імкнучыся абараніць ў Радзе Бясьпекі ААН свае дзеяньні ў Крыме. І, як я сказаў учора прэзыдэнту Пуціну, крымскі рэфэрэндум стаў відавочным парушэньнем канстытуцыі Ўкраіны і міжнароднага права, і ён ня будзе прызнаны міжнароднай супольнасьцю.

Сёньня я абвяшчаю пра шэраг мераў, мэта якіх — прымусіць Расею і іншых адказных за тое, што адбываецца ва Ўкраіне адчуць наступствы. Па-першае, у адпаведнасьці з адміністрацыйным указам, падпісаным мною два тыдні таму, мы ўводзім санкцыі супраць уключаных у сьпіс асобаў, вінаватых у падрыве сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і ўраду Ўкраіны. Мы ясна заяўляем, што іх дзеяньні пацягнуць за сабой наступствы.

Па-другое, я падпісаў новы адміністрацыйны ўказ, які пашырае кола нашых санкцыяў. У якасьці першага кроку я дазваляю ўвесьці санкцыі супраць расейскіх службовых асобаў — фізычных асобаў, якія працуюць у ваеннай прамысловасьці Расеі, і фізычных асобаў, якія прадстаўляюць матэрыяльную падтрымку высокапастаўленым службовым асобам ўраду Расеі. А калі Расея будзе працягваць сваё ўмяшаньне ва Украіне, мы гатовыя ўвесьці далейшыя санкцыі.

Па-трэцяе, мы працягнем шчыльныя кансультацыі з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, якія прынялі сёньня ў Брусэлі свае ўласныя санкцыі супраць Расеі. Сёньня ўвечары віцэ—прэзыдэнт Байдэн накіруецца ў Эўропу на сустрэчу зь лідэрамі нашых саюзьнікаў па НАТО — Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Літвы. А на наступным тыдні я таксама накіруюся ў Эўропу. Наша пасланьне будзе зусім ясным. Як саюзьнікі па НАТО мы маем ўрачыстае абавязацельства па нашай калектыўнай абароне, і мы будзем выконваць гэта абавязацельства.

Па-чацьвёртае, мы будзем і надалей даваць зразумець Расеі, што далейшымі правакацыямі яна даможацца толькі пагаршэньня сваёй ізаляцыі і зьніжэньня сваёй ролі ў сьвеце. Міжнародная супольнасьць будзе агульнымі сіламі супрацьстаяць парушэньням сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а працяг расейскай ваеннай інтэрвэнцыі ва Ўкраіне толькі будзе паглыбляць дыпляматычную ізаляцыю Расеі і згубна адаб’ецца на стане расейскай эканомікі.

У далейшым мы будзем вар’іраваць нашы дзеяньні ў залежнасьці ад таго, ці пойдзе Расея на эскаляцыю або на дээскаляцыю сытуацыі. Я ўпэўнены, што цяпер яшчэ ёсьць магчымасьць знайсьці дыпляматычны выхад з крызісу з улікам інтарэсаў як Расеі, так і Ўкраіны. Для гэтага трэба, каб Расея вывела свае войскі з Крыма, вярнуўшы іх на базы, дапусьціла прысутнасьць дадатковых міжнародных назіральнікаў ва Ўкраіне і пачала дыялёг з украінскім урадам, які выказаў гатоўнасьць праводзіць канстытуцыйную рэформу з набліжэньнем выбараў, прызначаных на вясну.

Пры гэтым, аднак, мы будзем няўхільна падтрымліваць Украіну. Як я сказаў прэм’ер-міністру Яцанюку на мінулым тыдні, Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Украіны і яго права самому вызначаць свой лёс. Мы будзем працаваць з Кангрэсам і з нашымі міжнароднымі партнэрамі, каб даць Украіне эканамічную дапамогу, у якой яна мае патрэбу, каб пераадолець крызіс і наладзіць паўсядзённае жыцьцё ўкраінскага народа.

Рухаючыся наперад, мы будзем шукаць новыя спосабы дапамогі нашым украінскім сябрам, каб яны маглі абараніць свае асноўныя правы, сваю бясьпеку, росквіт і годнасьць, якіх яны заслугоўваюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG