Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Адэсе затрымалі лідэра сэпаратыстаў


У Адэсе прыхільнікі затрыманага напярэдадні лідэра прарасейскай арганізацыі «Моладзевае адзінства», арганізатара мітынгаў у падтрымку рэфэрэндуму ў Крыме і акцыі праціўнікаў кіеўскага Майдана Антона Давыдчанкі пікетуюць будынак абласнога ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны.

Яны скандуюць «Свабоду Антону!», «Слава Русі!» «Адэса — рускі горад». У натоўпе гучалі заклікі штурмаваць будынак, які ахоўваюць некалькі дзясяткаў міліцыянтаў, паведамляе «Інтэрфакс». На месца пікету прыбылі байцы спэцназу, якія перакрылі ўваход у будынак і прылеглыя вуліцы.

Інфармацыі аб дакладным месцазнаходжаньні Давыдчанкі няма. Па некаторых дадзеных, пасьля затрыманьня яго павезьлі ў Кіеў. Служба бясьпекі Ўкраіны афіцыйных камэнтароў не дае.

Раней паведамлялася, што Давыдчанка быў затрыманы за сыстэматычную няяўку да сьледчага. Ён, разам зь іншымі прарасейскімі актывістамі, праходзіў сьведкам па ўзбуджаных раней крымінальных справах аб замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і аб дзяржаўнай здрадзе.

Прарасейскія акцыі, якія прайшлі ў сакавіку ў Данецку, Луганску, Харкаве і Адэсе, суправаджаліся штурмам мясцовых абласных адміністрацый.
XS
SM
MD
LG