Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў: Крэмль больш за ўсё баіцца дэмакратычнай Украіны


Аляксандар Турчынаў

Аляксандар Турчынаў

Менавіта дэмакратычнай, эўрапейскай, пасьпяховай і квітнеючай Украіны баіцца Крэмль, заявіў у панядзелак выканаўца абавязкаў прэзыдэнта, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў.

Гэта і зьяўляецца сапраўдным матывам агрэсіі Расеі, сказаў ён у звароце да суайчыньнікаў.

«Нам супрацьстаіць палітычнае кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі. Яны мараць пра аднаўленьне імпэрыі. Яны панічна баяцца прыкладу Ўкраіны, дзе народ перамог таталітарны рэжым», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Але гэта ня можа зламаць імкненьне ўкраінскага народа жыць у свабоднай дзяржаве, дзе ўладу выбірае народ, дзе свабода і годнасьць зьяўляюцца базавымі каштоўнасьцямі, дзе кожны грамадзянін абаронены, дзе правасудзьдзе і магчымасьці разьвіцьця, сказаў Турчынаў і падкрэсьліў: «І мы такую Ўкраіну пабудуем, таму што ўсе гэтыя цяжкасьці толькі робяць нас мацнейшымі».

Украіна гатовая абараніць недатыкальнасьць сваёй зямлі, заявіў ён і заклікаў: «Увесь украінскі народ павінен сёньня аб'яднацца ў адну вялікую сям'ю, якая гатовая абараняць свой родны дом. У гэты нялёгкі час усе мы павінны дэманстраваць падтрымку адзін аднаму, быць згуртаванымі, трымаць адну агульную лінію супраць агрэсара і даць усё неабходнае нашым вайскоўцам».

Са словаў Турчынава, агрэсар робіць усё, каб расхістаць сытуацыю ўнутры Ўкраіны, каб справакаваць унутраныя спрэчкі, грамадзянскае супрацьстаяньне і паказаць слабасьць украінскай дзяржавы. «Да нас засылаюць правакатараў і пагромшчыкаў, фінансуюць здраднікаў і сэпаратыстаў. Яны хочуць знутры разбурыць і аслабіць краіну» – перасьцярог ён.

Таму, папярэдзіў Турчынаў, любыя супрацьпраўныя дзеяньні, спробы падбухторваць людзей на масавыя беспарадкі, захоп памяшканьняў, самасуд, супрацьдзеяньне сілавым структурам або ўзброеным сілам, «у сучасных умовах будуць расцэньвацца як спробы садзейнічаньня ваенным агрэсарам і злачынства супраць дзяржавы».

Такія дзеяньні будуць строга карацца ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі ўкраінскага заканадаўства і Канстытуцыі, незалежна ад таго, якімі б палітычнымі лёзунгамі маскіраваліся або ў якім бы рэгіёне ні ажыцьцяўляліся, гаворыцца ў заяве выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта.

«Спробы ваеннага блякаваньня Крыму зьяўляюцца часовымі і не прывядуць да адлучэньня паўвостраву ад Украіны. Мы гатовыя да перамоваў, але мы ніколі ня зьмірымся з анэксіяй нашай зямлі», – заявіў Аляксандар Турчынаў.
XS
SM
MD
LG