Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Львоўскай вобласьці фармуюць Народную гвардыю, у якую запісваюцца добраахвотнікі, пераважна былыя вайскоўцы, якія паводле ўзросту, стану здароўя не падлягаюць прызыву ў шэрагі Ўзброеных сіл.

«Зарэгістравана ўжо шмат людзей, можна сфармаваць некалькі батальёнаў. Цяпер вельмі высокая актыўнасьць мужчын, асабліва ў раёнах і маленькіх мястэчках. Добраахвотнікі пройдуць хуткую вывучку. Не запісваем тых у гвардыю, хто адзіны сын у маці, мае шматдзетную сям’ю», — кажа альпініст Мар’ян Нішчук, каардынатар штабу Народнай гвардыі.

Тыя, хто прыйшлі запісацца добраахвотнікамі, распавялі Радыё Свабода, што ня будуць сядзець дома, калі Ўкраіне пагражае небясьпека, і дзяржава ў стане вайны, таму гатовыя браць у рукі зброю і абараняць сваю зямлю. Большасьць апытаных мужчын кажуць, што ўмеюць страляць.

Народную гвардыю зьбіраюцца фармаваць, акрамя Львоўшчыны, на Цярнопальшчыне і Івана-Франкоўшчыне. Ініцыятарамі стварэньня новага фарміраваньня сталі былыя афіцэры.

Добраахвотнікі не паедуць у Крым або ўсходнія рэгіёны, а будуць гатовыя да мабілізацыі ў выпадку небясьпекі ў Галічыне. Кожнае падразьдзяленьне Народнай гвардыі дыслякуецца ў сваім населеным пункце і фармуецца зь мясцовых жыхароў.

Народная гвардыя будзе ахоўваць аб’екты камунікацый на тэрыторыі вобласьці, ўзаемадзейнічаць з памежнымі службамі, у прыватнасьці ўзмоцніць ахову дзяржаўнай мяжы, у выпадку патрэбы возьме ўдзел у баявых дзеяньнях.

Гвардыю ствараюць па прыкладу швэйцарскай арміі, дзе грамадзяне маюць зброю дома і гатовыя да імгненнай мабілізацыі, каб абараніць сваю радзіму.

У той жа час Міністэрства ўнутраных спраў аб’явіла набор добраахвотнікаў на службу ў Нацыянальную гвардыю. Гэтае ваеннае фарміраваньне з праваахоўнымі функцыямі ўваходзіць у падпарадкаваньне МУС, і будзе забясьпечваць абарону дзяржаўнай мяжы, дзяржаўную бясьпеку, дбаць аб спыненьні тэрарыстычнай дзейнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG