Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец з Чарнігава: Пайду абараняць сваіх дзяцей і ўкраінскую зямлю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чарнігаў — суседні зь Беларусьсю ўкраінскі горад. Ён хоць і далёка ад Крыму, аднак чарнігаўцы надзвычай востра адчулі небясьпеку разрыву краіны на часткі. Многія лічаць, што расейскі сцэнар анэксіі Крыму быў загадзя сплянаваны.

Украінскі Чарнігаў і беларускі Гомель зьнітаваныя сотнямі сваяцкіх і гандлёва-эканамічных сувязяў. І характарам, калі можна так сказаць, яны падобныя — нясьпешныя і адносна спакойныя. Аднак апошнія падзеі ў Крыме, як сьведчыць жыхарка Чарнігава спадарыня Ірына, зьмянілі настрой гараджан:

«Усе цяпер гавораць пра Ўкраіну, гавораць пра Крым. Што б мы ні рабілі, дзе б мы ні былі, але, зьбіраючыся разам, кожная сям’я гаворыць пра Ўкраіну й Крым. Па-рознаму кажуць, але не маўчаць. Калі пачаліся ўсе гэтыя падзеі з Крымам, то ўстаў спакойны Чарнігаў».

Самы першы малады мінак, што напаткаўся на вуліцы Шаўчэнкі, так адклікаецца на наладжаны ў Крыме пасьпешлівы рэфэрэндум пад кантролем расейскіх вайскоўцаў:

«Украіну рэальна разрываюць на часткі: палавіна — захад, Крым, Данбас — гэта да Расеі. Разарвуць Украіну, і нічога добрага ня будзе».

Такой жа думкі трымаецца і супрацоўнік Тэхналягічнага ўнівэрсытэту:
Хацелася б, каб ваш прэзыдэнт Лукашэнка падтрымаў нас

«Увесь народ рэагуе, бо гэта кепска для нас, украінцаў, што такое робіцца зараз ва Ўкраіне. Гэта страшна — хочуць нас ілбамі сутыкнуць. Хацелася б, каб ваш прэзыдэнт Лукашэнка падтрымаў нас, бо мы хочам мець сваю краіну. Каб сказалі сваім беларусам, што адбываецца наймацнейшая правакацыя».

Чарнігаўцы перакананыя: спасылаючыся на нібыта ўціск расейскамоўнага насельніцтва Ўкраіны, Расея рэальна замахнулася на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць украінскай дзяржавы. Пра гэта кажа мінак Юры, які прыехаў у Чарнігаў з Расеі, ажаніўся тут, выгадаваў дзяцей і ўнукаў:

«Мы жывем тут і размаўляем на якой хочаш мове. Ідзе нейкая дэзынфармацыя, незразумелая прапаганда. Хто прыдумаў гэтую эскаляцыю? Што я тут — бандэравец? Ці жонка мая? Кажуць усё: бандэраўцы, нацыяналісты. Я ўжо думаю: няхай пэнсіі нам урэжуць, няхай газ падаражэе. Пацерпім. Але каб потым мы былі незалежнымі ад Расеі. Пастаянна мы аглядваемся: там у Расеі газ таньнейшы, там яшчэ што-кольвечы. Дык я й кажу: хопіць ужо, трэба вызначацца. Ёсьць у нас усё для таго, каб мы былі незалежнымі».

Мужчына настроены больш чым рашуча:

«Пайду абараняць сваіх дзяцей, унукаў, сваю зямлю ад тых, хто паквапіцца на нашу зямлю. Я лічу, што тут мая зямля, украінская. Нікому не патрэбна, каб дзеці нашыя гінулі. І за што? У кагосьці там разыграліся амбіцыі? Хто прыдумаў такі сцэнар? Мы проста ўсе тут шакаваныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG