Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла частковую мабілізацыю


Парлямэнт зацьвердзіў ўказ выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Аляксандра Турчынава аб частковай мабілізацыі. Гэта рашэньне падтрымалі 275 дэпутатаў пры неабходных 226.

Выступаючы на пленарным пасяджэньні Рады Аляксандр Турчынаў заявіў, што падпісаў гэты ўказ, «улічваючы працяг агрэсіі ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, якую Расея спрабуе прыкрыць вялікім фарсам пад назвай „рэфэрэндум“, які ніколі ня будзе прызнаны ані Украінай, ані ўсім сьветам».

Паводле словаў сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэя Парубія, 20 тысяч чалавек цяпер прызываюцца ў Нацыянальную гвардыю Ўкраіны, а частковай мабілізацыі падлягаюць яшчэ 20 тысяч грамадзянаў.

Прадстаўляючы законапраект з трыбуны парлямэнту, Андрэй Парубіў выказаў перакананьне, што тэрміны правядзеньня частковай мабілізацыі будуць значна меншымі, чым меркавалася тэкстам указу.

Частковая мабілізацыя праводзіцца на тэрыторыі ўсіх абласьцей Украіны, а таксама ў Кіеве. На тэрыторыі Крыму і Севастопаля мабілізацыя ажыцьцяўляецца з ліку грамадзянаў, якія добраахвотна выказалі жаданьне быць прызванымі на ваенную службу.

Па законе, мабілізацыя праводзіцца на працягу 45 сутак з дня ўступленьня ў сілу ўказу.
XS
SM
MD
LG