Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі «прыдумаў» для Ўкраіны Канстытуцыю


Расея прыдумала свой плян рэформы ўкраінскай канстытуцыі ў абмен на прызнаньне Ўкраіны і гарантыі з боку РФ яе сувэрэннасьці і цэласнасьці.

«Гэта нечуванае нахабства! Якою мае быць украінская Канстытуцыя і калі яе прымаць, нікога, апроч украінскага народа, не павінна хваляваць, — заявіў з гэтай нагоды кіраўнік Цэнтру палітычна-прававых рэформаў (Кіеў), экспэрт у галіне публічнага права Ігар Каліюшка.

Сярод прапанаваных Расеяй зьменаў ва ўкраінскую Канстытуцыю — патрабаваньне надаць расейскай мове статус дзяржаўнай, забарона ўмяшаньня ў справы царквы і прызнаньне права Крыму вызначаць свой лёс.

Расейскае міністэрства называе прыдуманую ў Расеі ўкраінскую Канстытуцыю «фэдэратыўнай»:

«Зразумела, што ані пра якую фэдэралізацыю Ўкраіны ня можа быць гаворкі, — кажа Ігар Каліюшка. — Па-першае, таму, што гэта непісьменна выкарыстаны тэрмін. Фэдэралізацыя — гэта працэс аб’яднаньня суб’ектаў у адну фэдэратыўную адзінку. Гэта працэс інтэграцыі падзеленых суб’ектаў у адно цэлае. Працэс падзелу паўнамоцтваў паміж суб’ектамі называецца дэцэнтралізацыяй. І мы, без сумненьня, будзем праводзіць рэформу ў кірунку дэцэнтралізацыі. Але ўказаньні з боку „малодшай сястры“ Расеі нам тут абсалютна недарэчныя.

Што тычыцца ўвядзеньня другой дзяржаўнай мовы, то гэта абсурд. У нас ёсьць заканадаўства пра магчымасьць выкарыстаньня моваў нацыянальных мяншыняў. І на наш погляд, і ў адпаведнасьці з эўрапейскім заканадаўствам гэтага дастаткова, каб гарантаваць правы нацыянальных мяншыняў на тэрыторыі Ўкраіны».

Экспэрт не разумее, што маецца на ўвазе пад «нэўтральным вайскова-палітычным статусам Украіны», пра які кажа МЗС РФ.

«Украіне трэба тэрмінова падаваць заяўку ў НАТО. З такім агрэсіўным і не кіраваным анічым — ані правам, ані маральлю — суседам у нас няма іншага выйсьця», — кажа ён.

«Калі яны зрабілі гэта як „сяброўскую параду“, то я б параіў Расейскай Фэдэрацыі спачатку ў сваім заканадаўстве навесьці парадак, гарантаваць правы чалавека ў сваёй краіне, а пасьля раіць іншым», — заключае экспэрт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG