Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск гатовы стаць пасярэднікам паміж Масквой і Кіевам


Гэта вынікае з камэнтара, які сёньня зрабіў для Свабоды прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Ён заявіў, што Беларусь «гатовая прыкласьці ўсе магчымыя намаганьні для таго, каб вярнуць адносіны паміж Украінай і Расеяй у нармальнае рэчышча». А сакратар Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік сказаў, што назіральнікаў ад ЦВК на рэфэрэндум у Крым не запрашалі.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык 17 сакавіка ў размове са Свабодай так выказаўся наконт украінскай сытуацыі:

«Беларусь зацікаўленая ў стабільных палітычных, эканамічных і гуманітарных адносінах з нашымі суседнімі братэрскімі краінамі. Гатовыя прыкласьці ўсе магчымыя з нашага боку намаганьні для таго, каб вярнуць адносіны паміж Украінай і Расеяй у нармальнае рэчышча.

Мы заўсёды гаварылі пра тое, што трэба знаходзіць варыянты ўрэгуляваньня дыпляматычнымі сродкамі праз дыялёг і не дапускаць сілавога супрацьстаяньня з аніводнага боку».

Такой заяве немагчыма пярэчыць, бо ўсе канфлікты мусяць вырашацца мірным шляхам, — кажа дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі. — Але тут важна, чаму афіцыйны Менск рэагуе на падзеі ва Ўкраіне менавіта так:

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі
«Беларусь зразумела, што Расея як старэйшы партнэр рэальна можа зрабіць тое ж самае і зь Беларусьсю, і з Казахстанам, і г.д. І таму ёсьць праблема для кіраўніцтва Беларусі, якое не абароненае ад ціску з боку Крамля — ні палітычнага, ні эканамічнага, ні вайсковага. Таму вось гэтае жаданьне зьмяніць тон, я б сказаў, у размовах паміж дзяржавамі, якія ўваходзяць у СНД ці АДКБ, зразумелае.

Аднак я баюся, што быў страчаны час. І кіраўніцтва Беларусі давяло нашу краіну да таго, што яна засталася безабароннай перад такімі пагрозамі.

Тым ня менш я лічу, што калі беларускае кіраўніцтва зможа прыкласьці нейкія намаганьні ў кантэксьце ўсясьветнай супольнасьці, якая хоча не дапусьціць вайны, гэта трэба вітаць».

Пра тое, як праходзіў рэфэрэндум у Крыме, Цэнтравыбаркам Беларусі дакладных зьвестак ня мае, — сказаў мне сёньня сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
«Сябры нашага Цэнтравыбаркаму на рэфэрэндум у Крым не запрашаліся. І нашы супрацоўнікі там не прысутнічалі».

За крымскім рэфэрэндумам назіралі дэпутаты Дзяржаўнай Думы Расеі. А ці былі там дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі? Кіраўнік упраўленьня інфармацыйна-аналітычнай працы Палаты прадстаўнікоў Мікалай Ліс сказаў Свабодзе, што ня мае інфармацыі пра тое, ці езьдзілі беларускія дэпутаты ў якасьці назіральнікаў у Крым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG