Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Анэксія Крыму — не юрыдычны працэс, а дэманстрацыі ваеннай сілы»


Расейскія вайскоўцы ў Крыме
Расейскія вайскоўцы ў Крыме

У якой ступені далучэньне Крыму да Расеі будзе адпавядаць міжнароднаму праву? Такое пытаньне журналіст Свабоды Рон Сынавіц задаў Бары Келману, прафэсару міжнароднага права ў Чыкагскім ўнівэрсытэце.

Напярэдадні рэфэрэндуму ў Крыме Вярхоўная Рада Ўкраіны распусьціла парлямэнт Крыму. Гэты крок накіраваны на ўмацаваньне пазыцыяў Кіева ў міжнароднай барацьбе за непрызнаньне вынікаў рэфэрэндуму і магчымага далучэньня паўвыспы да Расеі. Паводле Бары Келмана, прафэсара міжнароднага права ў Чыкагскім ўнівэрсытэце, згодна зь міжнародным правам, працэс аддзяленьня рэгіёну краіны павінен адпавядаць канстытуцыйнаму заканадаўству краіны, ў якой знаходзіцца рэгіён. Рашэньне Вярхоўнай Рады канстатуе, што крымскі рэфэрэндум украінскай Канстытуцыі не адпавядае.

Тым часам у Дзяржаўную Думу Расеі ўнесены законапраект, які скасоўвае прававыя бар’еры для таго, каб далучаць да РФ часткі іншых краінаў. Закон мяркуюць разгледзець у першым чытаньні сёньня, 17 сакавіка. Паводле закону далучэньне можа адбывацца на запыт органаў дзяржаўнай улады адпаведнай часткі замежнай дзяржавы, пры гэтым любы запыт аб далучэньні да Расеі мусіць быць пацьверджаны рэфэрэндумам, «які праводзіцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам замежнай дзяржавы на тэрыторыі гэтай часткі замежнай дзяржавы».

Калі закон будзе прыняты, і ўлады Крыму зацьвердзяць вынікі рэфэрэндуму 16 сакавіка, Расея можа прыняць рашэньне аб далучэньні.

З пункту гледжаньня Ўкраіны, роспуск парлямэнту Крыму дазваляе сьцьвярджаць, што крымскі запыт аб далучэньні не адпавядае патрабаваньням думскага законапраекту, бо ня існуе законнай крымскай улады, якая магла б зацьвердзіць вынікі рэфэрэндуму.

Прафэсар Келман гаворыць, што законапраект, які разглядае Дума, ня мае ніякага дачыненьня да пытаньня аб законнасьці анэксіі Крыма.

Аднак, паводле навукоўца, няма ніякага практычнага спосабу правесьці ў жыцьцё нормы міжнароднага права, калі Расея анэксуе Крым. Натуральны шлях дзеяньняў — праз Раду бясьпекі ААН. Аднак Расея, як сталы сябра Рады, валодае ў ёй правам вэта. «Рэальнасьць такая, што расейцы могуць далучыць Крым і праз пэўны час гэта робіцца фактам, які адбыўся. Паглядзіце на захоп Кітаем Тыбэту. Гэта не юрыдычны працэс. Гэта працэс дэманстрацыі ваеннай сілы» — кажа прафэсар Келман.

Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз расцанілі крымскі рэфэрэндум, як незаконны, і прыгразілі эканамічнымі і палітычнымі наступствамі для Расеі, калі Масква зробіць далейшыя крокі, каб узяць Крым пад свой кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG