Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША падтрымалі цэласнасьць Украіны


Белы Дом выступіў з заявай наконт крымскага рэфэрэндуму.

«Злучаныя Штаты няўхільна падтрымлівалі незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны з моманту абвяшчэньня яе незалежнасьці ў 1991 годзе, і мы не прымаем «рэфэрэндум», які адбыўся ў Крыме. Гэты рэфэрэндум ідзе насуперак Канстытуцыі Ўкраіны, і міжнародная супольнасьць не прызнае вынікаў апытаньня, праведзенага пад пагрозамі гвалту і пад застрашваньнем у абстаноўцы расейскай ваеннай інтэрвэнцыі, якая парушае міжнароднае права.

Рашэньні аб будучыні Ўкраіны ня могуць прымацца без удзелу ўраду Ўкраіны. Больш за тое, галасаваньне наагул было непатрэбнае. Урад Украіны ясна выказаў гатоўнасьць абмеркаваць пашырэньне аўтаноміі Крыму, і прэзыдэнцкія выбары, заплянаваныя на 25 траўня, даюць усім украінцам легітымную магчымасьць выказацца за будучыню сваёй краіны і быць пачутымі.

Акрамя таго, Украіна, Злучаныя Штаты, ЭЗ, АБСЭ, ААН і іншыя заклікалі Расею дазволіць прысутнасьць міжнародных назіральнікаў у Крыме, каб забясьпечыць захаваньне правоў этнічных расейцаў ва Ўкраіне. Расея адкінула гэтыя заклікі, як і прапановы дыялёгу з боку ўраду Ўкраіны. Замест гэтага Расея пачала нарошчваць сваю ваенную інтэрвэнцыю на тэрыторыі Крыму і з мэтай застрашваньня распачала ваенныя вучэньні на ўсходняй мяжы Ўкраіны.

Дзеяньні Расеі — небясьпечныя і дэстабілізуючыя. Гэта прызнала ўчора Рада Бясьпекі ААН, прычым толькі адна Расея прагаласавала супраць. Як ясна далі зразумець Злучаныя Штаты і нашы саюзьнікі, за сваю ваенную інтэрвэнцыю і парушэньне міжнароднага права Расеі давядзецца заплаціць высокую цану — ня толькі ў сувязі з захадамі, якія робяцца Злучанымі Штатамі і нашымі саюзьнікамі, але і як прамы вынік сваіх уласных дэстабілізуючых дзеяньняў.

У гэтым стагодзьдзі мы даўно пакінулі ззаду тыя дні, калі міжнародная супольнасьць магла абыякава назіраць, як адна краіна сілай далучае да сябе тэрыторыю другой. Заклікаем усіх чальцоў міжнароднай супольнасьці асудзіць падобныя дзеяньні, зрабіць канкрэтныя крокі, каб за гэта прыйшлося заплаціць, і агульнымі сіламі падтрымаць украінскі народ і тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG