Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: Расея ізноў стала на шлях бандытызму і каляніялізму


Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію Радыё Свабода кажа, што заходнія краіны абмяжуюцца асуджальнымі заявамі на адрас Пуціна, што не перашкодзіць Расеі працягнуць акупацыю ўкраінскіх тэрыторыяў — пасьля далучэньня Крыму Расеі абсалютна неабходна далучыць яшчэ і Хэрсонскую вобласьць, каб кантраляваць забесьпячэньне паўвострава вадой.

— Як вы ацэньваеце вынікі Ўсякрымскага рэфэрэндуму? Агучваюцца проста неверагодныя лічбы — больш за 96% падтрымалі далучэньне да Расеі.

— Калі яны там і ўскруцілі лічбу, то працэнтаў на 30. І гэта не адыгрывае аніякай ролі. Я перакананы, што большасьць насельніцтва Крыму прагаласавала за далучэньне да Расеі. Прапаганда расейская добра папрацавала, правакатары — таксама. У выніку людзі перакананыя, што іх жыцьцё ў Расеі будзе лепшым. Фальсыфікацыі, хутчэй за ўсё, былі, тая ж татарская супольнасьць не магла прагаласаваць за Расею. Але я зыходжу з таго, што расейскамоўных у Крыме пераважная большасьць, а жыцьцё там незайздроснае. Тыя, хто ўладкаваўся і мае дамы, якія можна здаваць турыстам, жывуць яшчэ куды ні ішло. А з працай у Крыме кепска, тое самае і з сацыяльным забесьпячэньнем. Таму людзі спадзяюцца на лепшае жыцьцё.

— Што далей будзе рабіць Расея ў дачыненьні да Ўкраіны, да Крыму?

— 21 сакавіка Савет Фэдэрацыі разгледзіць закон аб далучэньні Крыму да Расеі. Я праект такога закону ўжо бачыў. Ён у іх ёсьць. Крым далучаць да Расеі. Але я думаю, што Расея мае яшчэ прыхапіць Хэрсонскую вобласьць. Безь яе Ўкраіна зможа дыктаваць Расеі шматлікія ўмовы, бо будзе кантраляваць водазабесьпячэньне Крыму. Расея абавязкова прыхопіць Хэрсонскую вобласьць, таму што цяпер ніхто ёй не перашкодзіць ні ваенна, ні фізычна, ніяк. Расея — моцная дзяржава, якая ізноў стала на шлях бандытызму і каляніялізму.

— Рэфэрэндум адбыўся, цяпер сыплюцца заявы аб яго непрызнаньні з усяго сьвету. Ці мае гэта нейкі сэнс? Ці змогуць пагрозы, якія ўтрымліваюцца ў заявах, ацьвярозіць Пуціна?

— Заходнія краіны цяпер выдаюць прыгожыя дэклярацыі. Але гэта ў гісторыі таксама ўжо было. Давайце ўзгадаем перадваенныя Мюнхэнскія пагадненьні, паводле якіх Гітлеру адышлі чэхаславацкія Судэты. І ўсе-ўсе ў рэшце рэшт пагадзіліся з гэтым. Цяпер бачым тое самае: паціху, паціху, але нафта Эўропе патрэбная, без Расеі Эўропа не забясьпечыць сябе нафтай. У выніку пагодзіцца Эўропа з тым, што творыць Расея. А Расея стане яшчэ больш нахабнай. І ніхто ёй не перашкодзіць. А інакш — вайна, на якую Захад ніколі ня пойдзе. У той жа час Расеі няма чаго губляць у вайне, таму што чалавечых жыцьцяў ёй ніколі не было шкада.

— Гэтымі днямі ў розных гарадах Беларусі мінакам раздаюць расейскія сьцягі. Як вы ставіцеся да гэтага ў кантэксьце падзеяў ва Ўкраіне?

— Уся гульня Лукашэнкі заключаецца ў тым, каб Расеі дагадзіць. І тут ніякіх няма праблемаў зь Беларусьсю. У нас прарасейская ўлада, у нас прайшла прымусовая русыфікацыя. А ў людзей ужо няма сілаў супрацьстаяць гэтай подласьці.

— Дык вы лічыце, што гэта свае ж і раздаюць гэтыя трыкалёры?

— Ну якія яны свае? Яны — тыя, хто ня ведае беларускай мовы, беларускай гісторыі, хто атручаны камуністычнай і расейскай прапагандай, лукашэнкаўскай недасьведчанасьцю і тым, што Лукашэнка захоўвае ўладу толькі дзякуючы Расеі.

— Але ж падчас размовы Віталя Клічко з паслом Беларусі ва Ўкраіне было агучана, што прэзыдэнт Беларусі гарантаваў недатыкальнасьць украінска-беларускай мяжы...

— Які ён гарант недатыкальнасьці?! Лукашэнка спачатку сказаў, што ён прыхільнік тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Цяпер ён скажа, што меў на ўвазе ўсю тэрыторыю, апроч Крыму. Пасьля тое самае скажа пра Данецкую ці якую іншую вобласьць. Спадзявацца на прыстойнасьць з боку Лукашэнкі — гэта вялікае глупства.

— Ці Беларусь будзе афіцыйна прызнаваць рэфэрэндум у Крыме? Якая будзе пазыцыя Лукашэнкі?

— Гэта не грае ніякай ролі. Лукашэнка можа ад гэтага ўстрымацца, пакуль будзе думаць, як рэагаваць і ці віншаваць Расею.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG