Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзьнікі «Единой России» атрымалі большасьць у сэрбскім парлямэнце


Лідэр Прагрэсіўнай партыі Аляксандар Вучыч сьвяткуе перамогу ў штабе 16 сакавіка

Лідэр Прагрэсіўнай партыі Аляксандар Вучыч сьвяткуе перамогу ў штабе 16 сакавіка

У Сэрбіі ў нядзелю прайшлі пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Пераканаўчую перамогу атрымала правацэнтрысцкая Сэрбская прагрэсіўная партыя, якая ўжо два гады зьяўляецца кіроўнай ў краіне.

Прагрэсіўная партыя атрымала каля паловы галасоў выбаршчыкаў, якія прыйшлі на галасаваньне, і будзе мець большасьць месцаў у парлямэнце - 157 з магчымых 250. Такое ў краіне здарылася ўпершыню за 24 гады шматпартыйнай сыстэмы.

На другім месцы - Сацыялістычная партыя Сэрбіі, у яе прыкладна 14% галасоў. Ледзь пераадолелі бар'ер 5% Дэмакратычная партыя, якая шмат гадоў кіравала ў Сэрбіі, і Новая дэмакратычная партыя былога прэзыдэнта Сэрбіі Борыса Тадзіча, якая аддзялілася ад Дэмакратычнай партыі месяц таму.

Сэрбскія палітычныя аналітыкі асьцерагаюцца, што Сэрбія можа трапіць пад абсалютную ўладу аўтарытарнага лідэра Сэрбскай прагрэсіўнай партыі Аляксандра Вучыча. Пры гэтым партыя выразна падтрымлівае далучэньне Сэрбіі да Эўразьвязу.

Сэрбская прагрэсіўная партыя была створаная ў кастрычніку 2008 года былым лідэрам сэрбскіх радыкалаў Таміславам Нікалічам (цяперашнім прэзыдэнтам Сэрбіі) ў выніку партыйнага канфлікту ў Радыкальнай партыі паміж Нікалічам і Ваіславам Шэшалем – адным з абвінавачаных у ваенных злачынствах Гааскім трыбуналам.

У мінулым складзе парлямэнту Сэрбская прагрэсіўная партыя мела 73 мандаты. У 2010 годзе ў Санкт-Пецярбургу было падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж партыяй «Единая Россия» і Сэрбскай прагрэсіўнай партыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG