Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мэджлісе крымскататарскага народа не прызнаюць вынікаў незаконнага «рэфэрэндуму», выказваюць асьцярогі з нагоды бясьпекі сваіх суайчыньнікаў і чакаюць рэакцыю Ўкраіны і міжнароднай супольнасьці.

Пра гэта Радыё Свабода сказаў намесьнік старшыні Мэджліса крымскататарскага народа Нарыман Джэлял.

Наступныя дзеяньні крымскіх татараў у значнай ступені залежаць ад таго, як павядзе сябе цэнтральная ўкраінская ўлада і міжнародная супольнасьць, «наколькі яны дазволяць Расеі рушыць наперад у яе плянах».

"Наколькі яны будуць настойваць на захаваньні правоў крымскататарскага народа, з чым мы да іх зьвярталіся, наколькі гэтыя рэчы будуць рэалізаваны, так крымскія татары адчуваць пэўную апору, упэўненасьць у сваіх дзеяньнях. Калі мы застанёмся без належнай падтрымкі, то і дзеяньні нашы будуць іншыя«,— сказаў Нарыман Джэлял.

Пры гэтым у Мэджлісе па-ранейшаму выказваюць занепакоенасьць атрадамі самаабароны ў Крыме, «якія ў апошні час усё больш радыкалізуюцца».

«Гэтыя атрады, хутчэй за ўсё, зоймуцца тымі, хто выступаў супраць „рэфэрэндуму“, незаконнага ўрада і яго дзеяньняў. І тут могуць узьнікнуць інцыдэнты, якія дэстабілізуюць сытуацыю ў Крыме канчаткова. Вельмі асьцерагаюся правакацый з боку тых, хто сёньня ў эўфарыі ад вынікаў „рэфэрэндуму“. Тыя , на каго гэты рэфэрэндум быў разьлічаны, сёньня ў пэўнай эўфарыі могуць дазволіць сабе неадэкватныя паводзіны ў адносінах да праціўнікаў рэфэрэндуму. Гэта можа прывесьці да сур’ёзных наступстваў» , — лічыць прадстаўнік Мэджлісу.

Нарыман Джэлял таксама адзначыў, што пераважная большасьць крымскіх татараў падтрымала заклік Мэджліса крымскататарскага народа байкатаваць незаконны «рэфэрэндум» і ня ўдзельнічала ў ім.

Ён паведаміў, што ў Мэджліса адсочвалі выбарчыя паводзіны на тэставых участках, там, дзе больш за палову выбаршчыкаў зьяўляюцца крымскімі татарамі:

«Інфармацыя, якой мы валодаем, пацьвярджае, што большасьць крымскіх татараў байкатавала «рэфэрэндум». За выключэньнем адзінак, можа пару- тройку дзясяткаў суайчыньнікаў, якія пайшлі на ўчастку, але і не ўсе яны, верагодна, галасавалі так, як таго хацелася арганізатарам «рэфэрэндуму», — адзначыў Нарыман Джэлял.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG