Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантрабандысты. Новы фільм Белсату глядзець онлайн


Белсат прэзэнтаваў новы фільм «Кантрабандысты» пра Сяргея Пясэцкага і іншых беларускіх кантрабандыстаў

Пакуль існуюць межы, будзе існаваць прафэсія кантрабандыста. А мяжа з Захадам, дзе б яна ні была, пад Ракавам ці Горадняй, — самы тлусты кавалак нелегальнага гандлю. Цяпер кантрабандысты ананімныя, у 1990-ыя мяжу трымалі крымінальныя аўтарытэты, а ў 1920-ыя быў славуты Сяргей Пясэцкі, ролю якога выканаў ня менш вядомы музыка гуртоў «N. R. M», «Garadzkija» Піт Паўлаў, які і напісаў саўндтрэк да фільму.

«Пясэцкім я займаюся 7 гадоў, — кажа Піт Паўлаў. — Паўгоду я вывучаў ягоную біяграфію — хадзіў па архівах, глядзеў старыя стужкі, сустракаўся з вэтэранамі, якія бачылі Пясэцкага. Больш глыбока азнаёміўся з тым, што засталося — а засталося няшмат: ён хаваў сваю гісторыю, і мы ведаем фактычна толькі тое, што ён пісаў пра сябе ў кнігах. Я намагаўся шукаць сьляды ў Вільні ды складаць адмысловы маршрут „Вільня Пясэцкага“ — там ён пазаваў для парнаграфічных паштовак. І самае вядомае месца, дзе жыў Пясэцкі, — Ракаў. І ў Ракаве ягонае імя не рамантызаванае — ён трымаў мяжу і быў чалавекам вельмі небяспечным».

Піт Паўлаў напісаў музычны альбом, прысьвечаны Пясэцкаму і ягонай творчасьці. Некалькі песень сталіся саўндтрэкамі да фільму «Белсату» — «Кантрабандысты».


Піт Паўлаў: Я таксама кантрабандыст!


Музыка ўжо даўно атаясамліваецца зь пісьменьнікам і самым вядомым беларускім кантрабандыстам Сяргеем Пясэцкім.

Піт Паўлаў
Піт Паўлаў
«Я таксама кантрабандыст — прасоўваю нелегальную музыку, — жартуе Піт Паўлаў. — Мы маем падобную гісторыю зь Пясэцкім. Ён, як і я, — менскі крыху крыміналізаваны падлетак. Маё юнацтва прыпала на 1990-ыя. Я, былы спартовец, прыйшоў з войска. Усе мае сябры былі ў брыгадах. Гэта вельмі нагадвае крымінальны пэрыяд Пясэцкага ў трылёгіі „Яблычак“. Я пачаў адчуваць зь ім сувязь. Пясэцкі, як і я, граў на гітары і мандаліне, займаўся боксам, маляваў. Пачынаў як крымінальны падлетак, а стаўся творчай асобаю. Гэтыя пункты зьвязалі мяне даволі цесна, і я мяркую, калі б быў народжаны ў той час, то мог бы паўтарыць ягоны лёс», — прызнаецца Піт Паўлаў

У фільме пра кантрабандыстаў 1920-ых гадоў на савецка-польскай мяжы мы даведваемся з аўтабіяграфічнай аповесьці Сяргея Пясэцкага «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». У тыя часы сталіцаю кантрабандысцкага жыцьця было мястэчка Ракаў. У стужцы шмат мастацкіх сцэнаў рэканструкцыі 20-ых гадоў. Атмасфэру перадалі настолькі дакладна, што ў першыя хвіліны здаецца: гэта кроніка Ракава тых часоў.

Піт Паўлаў выканаў ролю не ўпершыню. У вобразе Пясэцкага ён ужо зьяўляўся на вокладцы расейскамоўнага перакладу кнігі «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы».

«Я захапляюся Пясэцкім перадусім як мемуарнай літаратурай, бо як прыгодніцкая літаратура яна састарэла. Але ягоныя кнігі — адзін зь нешматлікіх носьбітаў, дзе мы можам пабачыць, як жылі ў тыя часы ў Беларусі, Вільні, на польскім памежжы».

У фільме аўтары распавядаюць усю гісторыю беларускіх кантрабандыстаў. Ёсьць там і цяжкія 90-я, калі за заходнюю мяжу везьлі ўсё, што толькі магчыма. Ёсьць успаміны людзей, якія наважваліся вазіць у Кітай фотаапараты і вопратку — і ўсё на сабе. А таксама рэдкія здымкі, якія паказваюць працу так званага «сьпіртавоза» — цягніка Горадня — Кузніца.

Рэжысэр фільму пажадаў застаццца невядомым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG