Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША не прызналі рэфэрэнду ў Крыме


Сьцягі Ўкраіны і Эўразьвязу перад Белым Домам, архіўнае фота

Сьцягі Ўкраіны і Эўразьвязу перад Белым Домам, архіўнае фота

«Мы не прымаем рэфэрэндум, які адбыўся сёньня ў крымскім рэгіёне Ўкраіны. Гэты рэфэрэндум супярэчыць Канстытуцыі Ўкраіны, і міжнародная супольнасьць не прызнае вынікі апытаньня, якое адбылося пад пагрозай гвалту і запалохваньня, а таксама пры расейскім вайсковым ўмяшаньні, якое парушае міжнароднае права», — гаворыцца ў заяве Белага Дому.

«Ніякія рашэньні пра будучыню Ўкраіны не павінны прымацца без удзелу ўкраінскага ўраду (...) Больш за тое, гэтае галасаваньне было не патрэбным. Украінскі ўрад ясна даў зразумець пра сваю гатоўнасьць абмеркаваць пашырэньне аўтаноміі Крыму. Прэзыдэнцкія выбары, заплянаваныя на 25 траўня, даюць законныя магчымасьці для ўсіх украінцаў, каб іх галасы пра будучыню сваёй краіны былі пачутыя».

«Акрамя таго, Украіна, ЗША, Эўразьвяз, АБСЭ, ААН ды іншыя заклікалі Расею дазволіць міжнародным назіральнікам прысутнічаць на тэрыторыі Крымскага паўвострава, каб пераканацца, што правы этнічных расейцаў у Ўкраіне застаюцца ў сіле».

Паводле слоў прадстаўніка Белага Дому, Расея не пачула гэтыя заклікі, а замест гэтага «ўзмацніла сваю вайсковую інтэрвэнцыю ў Крыме і пачала пагражаць вайсковымі вучэньнямі на ўсходняй мяжы Ўкраіны».

«Дзеяньні Расеі зьяўляюцца небясьпечнымі», гаворыцца ў заяве Белага Дому, якую цытуе «Ўкраінская праўда».
XS
SM
MD
LG