Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

16 сакавіка ў Магілёве кандыдаты на дэпутацтва ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі правялі перадвыбарчы мітынг. Шасьцёра партыйных сьпікераў зьбіраліся сустрэцца на ім з выбарцамі. Выдаўся ён не шматлюдным. Акрамя саміх удзельнікаў, на яго прыйшлі два дзясяткі актывістаў зь іншых апазыцыйных арганізацыяў гораду ды журналісты.

За тым, як адбываецца мітынг, сачылі двое супрацоўнікаў міліцэйскага спэцназу.

Мітынг адбываўся ў сквэры 40-годзьдзя Перамогі — за дзьвесьце мэтраў ад будынка абласной управы КДБ.

Прамаўляў на мітынгу толькі кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў. Ягоныя просьбы да адпартыйцаў таксама выступіць водгуку ад іх не атрымалі.

Шанцаў апавядаў пра тое, што ў Беларусі няма справядлівых выбараў, а дэмакратычныя вылучэнцы ідуць на іх, каб расказаць людзям праўду. Паводле яго, сродкі зь дзяржаўнага бюджэту расходуюцца ў Беларусі нядбайна, а грамадзтва кантралюецца ідэалягічнымі аддзеламі, якія, як сказаў Шанцаў, створаныя ў парушэньне Канстытуцыі.

Прадстаўнік АГП зазначыў, што яго хвалюе зьяўленьне ў Беларусі падчас выбараў расейскіх ваенных самалётаў:

«Калі да выбараў застаецца крыху болей за тыдзень, раптам пачынаюцца нейкія вучэньні з удзелам расейскіх войск. І гэтыя войскі, мяркуе партыец, выкарыстоўваюцца як сродак запалохваньня ды ціску на выбарцаў. Не павінна быць ніякіх вайсковых вучэньняў падчас выбараў, заяўляў Шанцаў. Замежныя базы на тэрыторыі краіны парушаюць канстытуцыю Беларусі, якая імкнецца быць нэўтральнай дзяржавай».

Расею Ўладзімер Шанцаў назваў агрэсарам і заявіў, што кандыдаты на дэпутацтва ад АГП асуджаюць уварваньне гэтай краіны на тэрыторыю сувэрэннай Украіны.

Нешматлюднасьць на мітынгу аднапартыйцы Шанцава тлумачылі кепскім надвор’ем ды тым, што мітынг адбываўся ў выхадны дзень. Яны прызнаваліся, што на яго прыйшлі пераважна заўсёднікі такіх мерапрыемстваў, а вось простых выбарцаў амаль не было. У яшчэ адным тлумачэньні адзін з кандыдатаў на дэпутацтва Аляксей Кірыенка зазначыў, што такіх акцыяў праходзіць у горадзе дужа мала, таму цяжка склікаць на іх народ. Людзі, даводзіў актывіст, мала інфармаваныя: «Калі б такія акцыі праходзілі хаця б раз на месяц, людзі б прыйшлі на мітынг».

У Магілёве мітынг кандыдатаў на дэпутацтва ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі стаўся першай публічнай акцыяй апазыцыйных арганізацыяў за час агітацыйнай перадвыбарчай кампаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG