Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мінабароны Ўкраіны: на мяжы стаіць 60-тысячнае расейскае войска


У напрамку ўсходніх і паўднёвых абласьцей Украіны ідзе стварэньне апэратыўна-тактычных груповак войскаў Расеі, агульная колькасьць якіх можа дасягаць больш за 60 тысячаў чалавек.

Пра гэта паведаміў выканальнік абавязкаў міністра абароны Ўкраіны Ігар Ценюх падчас пазачарговага пасяджэньня Кабінэту міністраў Украіны.

Расея працягвае нарошчваць ваенныя групоўкі на тэрыторыі Аўтаномнай рэспублікі Крым з мэтай стварэньня спрыяльных умоў легітымізацыі рэфэрэндуму, які праходзіць у аўтаноміі 16 сакавіка.

Агульная колькасьць такіх фармаваньняў на тэрыторыі Крыму складае каля 21,5 тысячы чалавек.

«А ў паўночных, паўночна-ўсходніх і паўднёвых кірунках паблізу мяжы Ўкраіны не выключаем стварэньня апэратыўна-тактычных груповак войскаў Расеі, дзе працягваюцца правакацыі ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах Украіны з мэтай стварэньня ўмоў для паўтору „крымскага сцэнару“ на названых тэрыторыях. Агульная колькасьць груповак войскаў РФ на гэтых напрамках можа складаць больш за 60 тысяч чалавек», — заявіў Ценюх

Ценюх таксама адцеміў, што Расея пагадзілася на перамір’е ў Крыме да 21 сакавіка. Перамір’е дасягнутае зь Міністэрствам абароны Расеі і расейскім Чарнаморскім флётам у той час, калі выбарцы ў Крыме галасавалі на рэферэндуме.

Расейскія вайскоўцы блякуюць украінскія часткі на іх базах у Крыме з 28 лютага. Ценюх адзначыў, што ў межах перамір’я, якое працягнецца да 21 сакавіка, Расея паабяцала, што адносна вайсковых аб’ектаў Украіны ў Крыме «ня будуць прымацца ніякія меры». Па словах Ценюха, разблякаваньне дасьць магчымасьць украінскім часткам папоўніць запасы.
XS
SM
MD
LG