Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нарада адбылася ў мінулую суботу.

У ёй, сярод іншых, узялі ўдзел дзяржсакратар Джон Кэры, які толькі вярнуўся пасьля сустрэч з расейскім бокам у Лёндане, а таксама міністар абароны ЗША Чак Хэйгел.

Абамы на сустрэчы не было, але, як адзначыла прэсавы сакратар Рады нацбясьпекі ЗША, яго інфармавалі пра яе ход, паведамляе Reuters.

Сустрэча ў Белым доме была склікана пасьля інцыдэнту на Арабацкай стрэлцы, куды высадзіліся расейскія вайскоўцы.

Гэта прымусіла некаторых амэрыканскіх кангрэсмэнаў забіць трывогу.

«Расея выкарыстоўвае правакатараў для росту гвалту ва Ўкраіне, каб стварыць падставы для ўварваньня ва Ўсходнюю Ўкраіну», — напісаў сэнатар-рэспубліканец ад Фларыды Марка Рубіё.

Кангрэсмэн з Агаё Майк Тэрнэр, які ўзначальвае дэлегацыю ЗША ў Парлямэнцкай асамблеі НАТО, сказаў, што такія дзеяньні Расеі былі сплянаваным парушэньнем сувэрэнітэту Ўкраіны і «выразна дэманструюць, што Расея зьяўляецца агрэсіўнай дзяржавай».

Як вядома, Кэры правёў у Лёндане сустрэчу з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым, аднак яны не дасягнулі прарыву ў гэтай найвастрэйшай за апошні час спрэчцы паміж Усходам і Захадам.

Вашынгтон заявіў, што будзе гатовы з панядзелка ўвесьці візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў украінскіх і расейскіх чыноўнікаў, калі рэфэрэндум прывядзе да анэксіі Крыму Расеяй.

У панядзелак віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн мае намер наведаць саюзьнікаў па НАТО — Польшчу і Літву. У Вільні ён сустрэнецца з прэзыдэнтамі трох балтыйскіх краін.
XS
SM
MD
LG