Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У месцах кампактнага пражываньня крымскіх татараў у Бахчысарайскім раёне ня створана выбарчых участкаў па правядзеньні так званага «Ўсекрымскага рэфэрэндуму».

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў старшыня Бахчысарайскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Ільмі Ўмераў.

Чыноўнік патлумачыў гэта тым, што выбарчыя камісіі няма з каго фармаваць.

Раней Ільмі Ўмераў заклікаў жыхароў Бахчысараю не паддавацца на правакацыі, заставацца талерантнымі і мудрымі і ня ўдзельнічаць у «рэфэрэндуме».

Таксама Ільмі Ўмераў заклікаў кіраўнікоў і спэцыялістаў органаў выканаўчай улады і органаў мясцовага самакіраваньня «не выконваць злачынныя ўказаньні».

16 сакавіка на тэрыторыі крымскага рэгіёну праводзіцца «рэфэрэндум» адносна статусу Крыму.

Вярхоўная Рада Крыму 6 сакавіка прыняла рашэньне далучыць Крым да РФ і вынесла на рэфэрэндум 16 сакавіка два пытаньні: «1) Ці вы за ўзьяднаньне Крыму з Расеяй на правах суб’екта Расейскай Фэдэрацыі? 2) Ці вы за аднаўленьне дзеяньня Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 году і за статус Крыму як часткі Ўкраіны?»

14 сакавіка Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў неканстытуцыйным рашэньне крымскага парлямэнта аб правядзеньні рэфэрэндуму. 15 сакавіка Вярхоўная Рада Ўкраіны датэрмінова спыніла паўнамоцтвы парлямэнта Крыму.

У сваю чаргу, Мэджліс крымска-татарскага народу заклікаў крымчан байкатаваць «рэфэрэндум » і зьвярнуўся да Вярхоўнай Рады і іншых высокіх органаў дзяржаўнай улады Ўкраіны з заклікам «неадкладна і сумесна зь міжнароднымі арганізацыямі (ААН, АБСЭ, Рада Эўропы, Эўрапейскі Зьвяз)... забясьпечыць свабоднае волевыяўленьне на ажыцьцяўленьне крымска-татарскім народам неад’емнага права на самавызначэньне на сваёй гістарычнай тэрыторыі —Крым».
XS
SM
MD
LG