Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мэджліс зьвярнуўся па дапамогу да Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва


Мэджліс крымска-татарскага народу заклікае Арганізацыю ісламскага супрацоўніцтва выкарыстаць свой аўтарытэт і ўплыў для пошуку шляхоў мірнага вырашэньня крызісу ва Ўкраіне.

Пра гэта гаворыцца ў звароце Мэджліса Крыму на імя Генэральнага сакратара Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва Іяду Бін Аміна Мадані, паведамляе Espreso.tv.

«Падзеі, якія разьвіваюцца ва Ўкраіне, і ў прыватнасьці ў Крыме, пагражаюць перарасьці ў глябальную гуманітарную катастрофу для яго больш чым двухмільённага насельніцтва — расейцаў, украінцаў, і асабліва прадстаўнікоў крымска-татарскага народу, традыцыйнай рэлігіяй якога ёсьць Іслам», — гаворыцца ў звароце.

Мэджліс выказвае асаблівую трывогу з нагоды зьяўленьня на паўвостраве шматлікіх парамілітарных фармаваньняў, як мясцовых, так і тых, што масава ўводзяцца разам з войскамі Расейскай Фэдэрацыі, у той час як усё мірнае насельніцтва Крыму застаецца бяззбройным.

«Сытуацыя пагаршаецца тым, што абмяжоўваецца ўезд у Крым дыпляматаў замежных дзяржаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў, ваенных назіральнікаў ад АБСЭ», — сьцьвярджае Мэджліс.

У канцы звароту вышэйшы паўнамоцны прадстаўнічы орган крымска-татарскага народу Крыму просіць Іяду Бін Аміна Мадані выкарыстаць аўтарытэт і ўплыў Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва для пошуку шляхоў мірнага вырашэньня крызісу, а таксама заклікае арганізацыю быць рашучай у імя міру і справядлівасьці, у імя захаваньня жыцьця сотняў тысяч людзей, якія жывуць у Крыме.
XS
SM
MD
LG