Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У антываенным шэсьці ў Маскве ўзялі ўдзел да 50 тысяч


Апазыцыйная акцыя «Марш міру» ў Маскве сабрала да 50 тысяч чалавек. Такая адзнака агенцтва AFP, і гэта робіць мерапрыемства самай масавай пратэстнай акцыяй за доўгі час.

Гэта блізка да ацэнак арганізатараў і ўдзельнікаў шэсьця. МУС ацаніла колькасьць удзельнікаў толькі ў 14 гадзін , калі большасьць яшчэ не прайшлі рамкі мэталашукальнікаў, налічыўшы 3000 удзельнікаў.

Антываеннае шэсьце прайшло па бульварным кальцы ад Страснага бульвару да праспэкту Сахарава. Галоўным лёзунгам шэсьця стаў «За Расію і Ўкраіну без Пуціна» — расьцяжку несла першая калёна. Яе ўзначалілі сустаршыня партыі «РПР — Парнас» Барыс Нямцоў і дэпутат Дзярждумы Дзьмітрый Гудкоў. У акцыі таксама ўзяў удзел музыка Андрэй Макарэвіч і старшыня партыі «Яблоко» Сяргей Мітрохін. Сярод удзельнікаў была і жонка апазыцыянэра Аляксея Навальнага Юлія. Сам Навальны заключаны пад хатні арышт. А яго нядаўна зарэгістраваная «Партыя прагрэсу » была прадстаўлена мноствам сьцягоў.





У Пецярбургу і яшчэ некалькіх расейскіх гарадах сёньня таксама прайшлі акцыі пад лёзунгам «Не вайне» ў падтрымку маскоўскага «Маршу міру».

У паралельным мерапрыемстве, прарасейскім шэсьці ў падтрымку палітыкі Расеі ў Крыме — прынялі удзел да 10 тысяч чалавек. Яго арганізаваў рух «Суть времени», лідэрам якога зьяўляецца Сяргей Кургінян. Удзельнікам гэтай акцыі раздалі цёмна- чырвоную ўніформу, што дало падставы параўнаць яе зь мерапрыемствамі ў КНДР.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG