Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайновіч: Яны ўзьнялі алімпійскі факел на бочку з порахам


Уладзімер Вайновіч

Уладзімер Вайновіч

Расейская інтэлігенцыя рыхтуе кангрэс «Супраць вайны, супраць самаізаляцыі Расеі, супраць рэстаўрацыі таталітарызму».

«Наша краіна апынулася ўкінутай у небясьпечную авантуру, — гаворыцца ў Звароце ініцыятыўнай групы кангрэсу. — Пад лёзунгам „Абаронім рускіх у Крыме, а таксама ўсіх украінцаў ад новай нелегітымнай фашысцкай улады ва Ўкраіне!“ ужо адбылася фактычная анэксія Крыму. Груба парушана міжнароднае права, разбураныя прынцыпы эўрапейскай бясьпекі і стабільнасьці. Расея імкліва коціцца да новай халоднай вайны з Захадам, найцяжэйшыя наступствы якой немагчыма прадказаць.

Ва ўсіх дзяржаўных СМІ Расеі льюцца нястрымныя патокі хлусьні і дэзінфармацыі, а таксама разгорнута аглушальная прапагандысцкая кампанія супраць усіх, хто спрабуе паставіць пад сумнеў правамернасьць дзеяньняў уладаў, адзначыць іх згубныя наступствы для краіны, для народу. Усіх нязгодных агульна шальмуюць, называюць „пятай калёнай “ і „фашыстамі“. А нязгодных нямала. Дастаткова пачытаць непадцэнзурныя СМІ або шматлікія меркаваньні ў сацыяльных сетках, каб убачыць, што палітолягі, эканамісты, людзі, якія прафэсійна займаюцца зьнешняй палітыкай, дый проста людзі, хоць колькі надзеленыя грамадзкай чуйнасьцю, папярэджваюць, што на Расею насоўваецца сапраўдная катастрофа — эканамічная, палітычная, гуманітарная».

Зварот падпісалі 90 чалавек, у тым ліку Лія Ахеджакава, Гары Бардзін, Андрэй Макарэвіч, Андрэй Бітаў, Дзьмітры Быкаў і Людміла Ўліцкая.

Адзін з аўтараў антываеннага звароту, пісьменьнік Уладзімер Вайновіч заявіў у праграме «Итоги недели» Радыё Свабода, што тыя, хто цяпер падтрымлівае расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, «з энтузіязмам сустракаюць гэтыя крокі па сваім уласным удушэньні».

«Савецкі Саюз скончыўся, але савецкі чалавек будзе жыць яшчэ доўга. Ён перасягнуў нават мае чаканьні. Я думаю, што ён вельмі спалохаўся Майдана. Таму што нарадзіўся нейкі слабы пратэстны рух, усё ж такі выходзілі 150 тысяч людзей на вуліцу, а кепскі прыклад заразьлівы. І нават дапускаю, што нейкія людзі паглядзелі на Майдан і думаюць: добра б у нас нешта такое. Пуцін, вядома, спалохаўся. Напэўна, ён лічыць, што трэба нейкія прэвэнтыўныя захады суровыя, каб усім было зразумела, што ў нас гэта ня пройдзе. Таму што калі зараз пачнецца нейкая нават малая вайна, гэта вельмі добры, зручны выпадак для закручваньня гаек. Усё роўна пры ўсіх умовах: праглыне Расея Крым або пераможа Ўкраіну, нешта яшчэ зробіць ці нічога ня зробіць, пірава перамога ўжо здабытая. Гэта ўжо перамога, і яна ўжо пірава. У рэшце рэшт гэта адаб’ецца на Расеі самым нэгатыўным чынам, і будзе дрэнна ўсім».

Паводле Вайновіча, ёсьць небясьпека вялікай вайны.

«Цяпер узьнялі алімпійскі факел на бочку з порахам. Але калі нават вялікай вайны ня будзе, рэальная пагроза такая: у выніку сутыкненьня Расеі з Украінай гэтыя народы, нейкая частка якіх успрымала адносіны як брацкія, цяпер стануць заклятымі ворагамі. Само сутыкненьне, калі дарасьце да нейкага ўзроўню, прывядзе да распаду Ўкраіны і да распаду ўрэшце Расеі таксама. Бо цяперашнія падзеі вельмі падаграваюць сэпаратысцкія настроі там, дзе яны ёсьць. А яны ёсьць па ўсёй тэрыторыі Расеі».
XS
SM
MD
LG