Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра партыі Беларускага народнага фронту, кандыдат у дэпутаты гарадзкога савету Яўген Рыбакоў праводзіць сэрыю вулічных пікетаў у рамках агітацыйнай кампаніі. Ён сьведчыць пра малую цікаўнасьць менчукоў да выбараў.

Яўген Рыбакоў — кандыдат у дэпутаты Менскага гарсавету па выбарчай акрузе № 47 у Менску. Адзін зь перадвыбарчых пікетаў ён наладзіў у самай ажыўленай, цэнтральнай частцы гораду — на пляцоўцы перад будынкам Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Сярод агітацыйных матэрыялаў — бел-чырвона-белы сьцяг і агульны для ўсіх кандыдатаў плякат.

Карэспандэнтка: «Ведаю, што вы стаіце тут ня першы дзень. Як ідзе агітацыя?»

Рыбакоў: «Усё добра і спакойна. Бывалі выпадкі, што падобныя да крымінальнікаў грамадзяне спрабавалі нападаць, але я былы дэсантнік — мяне ня вельмі напалохаеш. Людзі падыходзяць, цікавяцца. Але чалавек трыццаць за сем гадзін, ня больш. Баяцца. Самыя сьмелыя — замежныя студэнты, якія падыходзяць сфатаграфавацца побач зь бел-чырвона-белым сьцягам. Крыўдна, што некаторыя нашы грамадзяне нават ня ведаюць, што я трымаю ў руках першы дзяржаўны сьцяг незалежнай Беларусі. А некаторыя ня ведаюць і не разумеюць нават, што такое дэмакратыя і навошта яна патрэбная. Нават улада народа ім не патрэбная — вось што крыўдна».

Мінакі ў пераважнай бальшыні назіраюць за пікетам зь недалёкага прыпынку. Некаторыя ўсё ж падыходзяць да перадвыбарчага стэнду, чытаюць плякат, размаўляюць з кандыдатам. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Ці ведаеце вы, якая палітычная кампанія адбываецца цяпер у краіне?»

Спадар: «Не, не цікаўлюся».

Карэспандэнтка: «Ну, пра выбары чулі што-небудзь?»

Спадар: «Ну, так, але ня ведаю, за каго галасаваць буду. Ну вось Сокал на плякаце — у яго добры аклад. Што яму яшчэ трэба? Улада — і больш нічога».

Карэспандэнтка: «Хто такі Сокал?»

Спадар: «Намесьнік дырэктара ЦУМа. А вось стаіць чалавек са сьцягам — гэтаму, канечне, трэба дапамагчы. Пэўна ж, ня мае працы. Але мушу параіцца зь сябрамі — два-тры зьбяромся, пойдзем прагаласуем. Адзначым усё гэта — не на сухую ж».



Карэспандэнтка: «Ці ведаеце вы сваіх кандыдатаў у дэпутаты?»

Спадарыня: «Не, ня ведала. Але атрымала позву і пабачыла, што там адзін з кандыдатаў — ад БНФ. Вырашыла, што пайду зь сям’ёй прагаласую. Бо нешта трэба мяняць, каб краіна не была ў такім загоне, як цяпер».

Карэспандэнтка: «Што б вы хацелі памяняць?»

Спадарыня: «Каб людзі не былі такімі запалоханымі, як цяпер. Каб вальней сябе адчувалі тыя ж нават камэрсанты. А то чытаеш штодня — таго пасадзілі, таго пасадзілі — а за што?»

Карэспандэнтка: «Ці задаволеныя вы, як праходзяць выбары? Ці будзеце галасаваць? Увогуле — што думаеце пра гэтую кампанію?»

Юнак: «Мне гэтыя выбары не падабаюцца. Хацеў бы, каб яны праходзілі больш свабодна і не былі такімі фармальнымі. Каб дэпутаты мелі рэальную палітычную вагу, бо ўсе ведаюць, як у нас называюць Палату прадстаўнікоў — палаткай. Вельмі крыўдна, што ў краіне адзін чалавек вырашае ўсё — ад таго, як падаіць карову, і да таго, як распарадзіцца дзяржаўным бюджэтам».



Карэспандэнтка: «Ці пойдзеце вы галасаваць? Як можна зрушыць гэтую сытуацыю, як вы думаеце?»

Юнак:
«Удзельнічаць буду, але, на жаль, я лічу, што гэтую сытуацыю можна зрушыць толькі так, як яна была зрушаная ў суседняй Украіне».

Яўген Рыбакоў кажа, што таксама незадаволены ходам выбарчай кампаніі і нізкай актыўнасьцю выбарнікаў. Аднак перакананы, што «і адзін у полі воін» — не губляе аптымізму і веры ў сваю перамогу:

«Ёсьць людзі, якія цікавяцца і выбарамі, і жыцьцём, а іншыя — нічым не цікавяцца. Вядома, што наша ўлада прыклала да гэтага нямала намаганьняў. Нашы людзі не дурныя, яны ведаюць, каму ў сапраўднасьці ў краіне належыць улада».

Карэспандэнтка: «Ці рэальна ў такіх умовах здабыць перамогу?»

«Тое, што я буду абраны — я нават не сумняваюся. Таму запрашаю ўсіх выбарнікаў 25 сакавіка, у Дзень Волі, прыйсьці да кінатэатру „Кастрычнік“ — мы будзем адзначаць маю перамогу».
XS
SM
MD
LG