Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея сьцягвае яшчэ больш войскаў да мяжы з Украінай


За апошнія суткі расійскія войскі зьдзейсьнілі перагрупоўку паблізу мяжы з Украінай.


Як паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook Дзмітры Тымчук, паводле дадзеных групы «Інфармацыйны супраціў», на аэрадром «Долотинка » (Мілерава, насупраць Луганску) перакінутыя 40 верталётаў «Мі-8» і «Мі-24».

Ад пасёлку Дзеркул (Тарасаўскі раён Растоўскай вобласьці) адзначаецца перамяшчэньне расейскіх войскаў у бок дзяржаўнай мяжы.

Таксама назіраецца зграмаджэньне войскаў у раёне Таганрога, Мацьвеева Кургана (пасёлак у Растоўскай вобласьці) і Навашахцінску (Растоўская вобласьць).

У раёне Навашахцінску адзначаецца актыўнасьць станцыі перахопу сувязі, паведамляе «Українська правда».

Выканаўца абавязкаў міністра абароны Ўкраіны Ігар Ценюх у жывым эфіры тэлеперадачы «Шустер-Live» на Першым нацыянальным тэлеканале Ўкраіны заявіў:

«У нас ёсьць пэўныя дадзеныя пра колькасьць войскаў, задзейнічаных у вучэньнях на тэрыторыі РФ, якія сканцэнтраваныя на ўсходніх межах нашай дзяржавы, а таксама ў Крыме. На працягу сутак былі дадаткова перадысьлякаваныя на тэрыторыю АР Крым расійскія вайскоўцы. На вечар 14 сакавіка іх колькасьць складае каля 22 тысяч чалавек. Упершыню ў порце Ялта, які да гэтага часу прымаў толькі пасажырскія судны, ужо швартуюцца вялікія дэсантныя караблі Чарнаморскага флёту РФ, зь якіх выгружаецца вайсковая тэхніка», — паведаміў Ігар Ценюх.

«Як ваенны, адмірал, прафэсіянал я магу сьцьвярджаць, што гэтая групоўка, створаная на тэрыторыі Крыму, можа быць выкарыстана і ўжыта для правядзеньня наступальнай апэрацыі», — адзначыў выканаўца абавязкаў міністра абароны Ўкраіны.

Ігар Ценюх выказаў упэўненасьць, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны змогуць даць адпор расейскім акупантам і абараніць тэрыторыю краіны і яе сувэрэнітэт, паведамляе сайт Мінабароны Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG