Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскія зьнішчальнікі прызямліліся ў Бабруйску


Завяршылася перадысьлякацыя шасьці расейскіх зьнішчальнікаў Су-27 і трох вайскова-транспартных самалётаў з інжэнэрна-тэхнічным складам на аэрадром «Бабруйск» у Беларусі.

Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны Беларусі 14 сакавіка.

Таксама ажыцьцёўлена перадысьлякацыя часткі авіяцыі ВПС і войскаў СПА Беларусі на падрыхтаваныя аэрадромы.

«Органы кіраваньня, лётны і вайсковы склад, а таксама авіяцыйны пэрсанал расейскіх сіл і рэгіянальнай сыстэмы СПА прыступіў да практычнай падрыхтоўкі па выкананьні задач па ахове паветранай мяжы саюзнай дзяржавы», — заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі першаму беларускаму тэлеканалу.

Сёньня ж пачалося тактычнае вучэньне з падразьдзяленьнямі шэрагу злучэньняў зэнітных ракетных войскаў ВПС і войскаў СПА Ўзброеных сіл Беларусі. Да іх далучаецца зэнітны ракетны дывізіён 740-й зэнітнай ракетнай брыгады паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня і зэнітная ракетная батарэя «Тор-М2» 120-й зэнітна-ракетнай брыгады Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ВПС і войскаў СПА Беларусі.

Падчас вучэньняў падразьдзяленьні зрабілі маршы ў прызначаныя раёны, каб заступіць на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне.

«Цяпер на даручэньне кіраўніка дзяржавы праводзіцца другі этап праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Правяраецца гатоўнасьць адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА Беларусі і Расеі да выкананьня задач з прыцягненьнем часткі яе расейскага кампанэнта», — паведаміла беларускае Міністэрства абароны.

У ведамстве адзначаюць, што ўсе гэтыя мерапрыемствы прадугледжаныя плянамі сумесных дзеяньняў.
XS
SM
MD
LG