Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскія татары хочуць, каб НАТО не дапусьціла кровапраліцьця


Крымскія татары, улічваючы сытуацыю, якая склалася, патрабуюць увесьці на паўвостраў міратворцаў ААН, заявіў сёньня ў штаб-кватэры НАТО адзін зь лідэраў крымскіх татараў, народны дэпутат Украіны Мустафа Джамілеў.

Як кажа былы старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу, ён усьведамляе, што для гэтага трэба рашэньне Рады бясьпекі ААН, дзе расейцы на яго абавязкова накладуць вэта. «Аднак працэдуру ўсё ж варта распачынаць», — заклікае ён.

Мустафа Джамілеў выказаў надзею на актыўную рэакцыю Захаду:

«Войскі ААН або НАТО пачынаюць прымяняць свае сілы, калі шырокамаштабна льецца кроў. А мы хацелі расейцаў перахітрыць», — кажа ён:

«Мы б хацелі, каб гэтую сілу ўжылі да таго, як нас пачнуць рэзаць. Вось у чым праблема. Нам адказалі, што гаворка пра ўжываньне сілы не вядзецца, але распрацаваны пакет захадаў, што дорага абыдзецца Расеі, калі яна ня будзе паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. А што, калі Расея гатовая заплаціць гэтую цану і ўсё ж адхапіць нашу тэрыторыю? Вось на гэтае пытаньне я ніяк не магу атрымаць адказу».

Наконт нядзельнага рэфэрэндуму ён заклікаў і эўрапейскіх дыпляматаў, і прадстаўнікоў Паўночнаатлянтычнага альянсу не прызнаваць ягоных вынікаў:

«Яны ня будуць залежаць ад яўкі або волевыяўленьня выбарцаў, таму што такое жаданьне тых, хто ўвёў войскі на нашу тэрыторыю, і вынікі ўжо перадвызначаныя. Правядзеньне такога рэфэрэндуму, ды яшчэ ў стане акупацыі — гэта проста бессэнсоўны зьдзек з элемэнтарных дэмакратычных прынцыпаў».
XS
SM
MD
LG