Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 сакавіка: сустрэча міністраў ЭЗ, дзень сьвятога Патрыка



ПАДЗЕІ ДНЯ:

Менск. У галерэі-бары New Day (вул. Няміга, 36) у рамках праекту «Эўрапейская кавярня: адкрытая прастора Эўропы» пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску адбудзецца публічная лекцыя Чарльза Гранта «Ці зьніжаецца ўплыў Эўразьвязу?». Уваход вольны. Пачатак а 17.00

Берасьцейская абласная арганізацыя АГП праводзіць круглы стол на тэму карупцыі ў Беларусі з удзелам прадстаўнікоў АГП, экспэртаў, прадстаўнікоў незалежных СМІ, публічных асоб гораду. Пачатак а 13.00. Адрас: Берасьце, вул.17 верасьня, 22-24, офіс № 1.

У канцэртнай залі «Менск» (вул. Кастрычніцкая, 5) адбудзецца аўтарскі канцэрт Аляксея Шадзько &Со. Пачатак а 19.00

ЁСЬЦЬ НАГОДА

У Брусэлі адбудзецца паседжаньне міністраў замежных справаў Эўразьвязу. Могуць быць уведзеныя санкцыі супраць Расеі за правядзеньне крымскага рэфэрэндуму.

Дзень Сьвятога Патрыка. Нацыянальнае сьвята Ірляндыі.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1597 — Віцебск атрымаў гарадзкі герб: у блакітным полі выява Хрыста, пад якой чырвоны меч.

1746 — нарадзіўся кампазытар Ян Голанд. На запрашэньне князёў Радзівілаў Голанд прыбыў зь Нямеччыны ў Нясьвіж і стаў вядомым беларускім капэльмайстрам і кампазытарам.

1789 — нарадзіўся філёзаф Вінцэнт Бучынскі, прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі, заснавальнік і рэдактар першага ў Беларусі літаратурна-навуковага часопіса, які называўся «Полацкі штомесячнік» і пачаў выходзіць у 1818 годзе.

1861 — расейскі цар Аляксандар ІІ адмяніў прыгоннае права.

1891 — нарадзіўся Мацьвей Манізер, заслужаны савецкі скульптар. Ягоны помнік Леніну, усталяваны ў Менску перад Домам ураду ў 1933 годзе, стаіць дагэтуль. Надпісы на гэтым помніку зробленыя па-беларуску клясычным правапісам, а не наркамаўкай.

1922 — нарадзіўся Лявон Луцкевіч, грамадзка-палітычны і культурны дзяяч, вязень савецкіх канцлягераў, сын Антона Луцкевіча.

1948 — Бэльгія, Вялікабрытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды i Францыя падпісалі Брусэльскі пакт, ствараючы абарончы Заходнеэўрапейскі саюз, які паклаў пачатак НАТО.

1951 — памёр беларускі паэт і перакладчык Альберт Паўловіч. Пачаў друкавацца ў «Нашай Ніве» ў 1907 годзе. У яго доме ў Менску ў пачатку ХХ стагодзьдзя быў літаратурны салён, дзе зьбіраліся тагачасныя беларускія пісьменьнікі.

1983 — у Купалаўскім парку ў Менску ўпершыню было наладжана Гуканьне вясны. З гэтага часу сьвяткаваньне стала штогадовым і масавым, што давала магчымасьць сумеснага збору патрыятычна настроеных людзей.

1991 — у СССР прайшоў рэфэрэндум па праекце новага саюзнага пагадненьня. У Беларусі за захаваньне Савецкага Саюзу выказалася 82,7% галасоў (гэта самы вялікі адсотак пасьля Сярэдняй Азіі).

1992 — У Паўднёваафрыканскай рэспубліцы прайшоў рэфэрэндум, у якім 69% выбаршчыкаў выказаліся за адмену палітыкі апартэіду.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Глыбее ноч. Мне сумна, я знываю:
Ні цёплых слоў, ні ласкі... Цішыня...
Ня сьпіцца мне, мінутамі чакаю,
Калі замігаціць жаданы пробліск дня.
Глыбее ноч... Бяздумна раскладаю
Гняўлівыя з папрокамі лісты,
Чытаю іх і ясна прадстаўляю —
Суровы зьмест... Чаму так пішаш ты?
Ня раз душу папрокі ўсхвалялі,
І цяжкі ўздых мне грудзі уздымаў,
І сьлёзы незнарок мне вочы засланялі,
І жаль нямы душу маю сьціскаў.
Ды ці ж змагу я мёртвымі славамі
Ўсю глыбіню душы і тайну расказаць:
Чым я жыву, аб чым я мару днямі,
Як ночкі цёмныя прышлося каратаць.
І так пішу! Больш сэрца не утое,
І ад душы кароткі ліст пашлю —
Адно слаўцо — праўдзівае, сьвятое,
Бязьмежна шчырае «Люблю»!

Альбэрт Паўловіч, «Раманс»
XS
SM
MD
LG