Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заблякаваныя ў Расеі сайты даступныя праз замежных правайдэраў


Расейскія ўлады заблякавалі доступ да некалькіх вэб-сайтаў, вядомых сваёй крытыкай на адрас ураду. Гэты крок зьяўляецца часткай таго, што крытыкі асуджаюць як узмацненьне ўціску незалежных СМІ.

«Паважаныя карыстальнікі! Прыносім свае прабачэньні, але доступ да сайту абмежаваны». Такі зварот устурбаваў некаторых чытачоў у чацьвер вечарам (13 сакавіка), калі яны паспрабавалі атрымаць доступ да папулярнага навіннага парталу апазыцыі grani.ru.

Grani.ru зьяўляецца адным з трох вэб-сайтаў, забароненых расейскімі ўладамі паводле новага закону. Пра гэты дакумэнт крытыкі кажуць, што ён пакліканы задушаць незалежныя сродкі масавай інфармацыі, у прыватнасьці, у Інтэрнэце, які зьяўляецца адной з апошніх плятформаў для свабоды слова ў Расеі.

У дадатак да блякаваньня Grani.ru, рэгулятар урадавай сувязі, так званы «Раскамнагляд», загадаў расейскім правайдэрам заблякаваць доступ да ej.ru — сайту інтэрнэт-часопіса «Ежедневный журнал», і Kasparov.ru — вэб-сайту, якім кіруе апазыцыйны палітык і былы чэмпіён сьвету па шахматах Гары Каспараў. Усе тры пляцоўкі адзначаліся зьнішчальнай крытыкай палітыкі Крамля, у тым ліку акупацыі Крымскага паўвострава Ўкраіны расейскімі войскамі.

Блог лідэра расейскай апазыцыі Аляксея Навальнага таксама на кароткі час быў заблякаваны — на той падставе, што Навальны парушыў рэжым хатняга арышту. Але пазьней яго разблякавалі.

«Гэтым разам улады нават не пераймаліся наконт захаваньня прыстойнасьці і пераадрасавалі гэтыя прэтэнзіі непасрэдна да нас, — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Аляксандр Рыклін, рэдактар „Ежедневного журнала“. — Яны проста імгненна зачынілі амаль усе вядучыя вэб-сайты, якія перадаюць больш-менш незалежныя ад іх думкі».

Іншыя сайты Генэральная пракуратура загадала заблякаваць паводле абвінавачаньня ў «закліках да супрацьпраўнай дзейнасьці і да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца з парушэньнямі грамадзкага парадку».

Радыёстанцыі «Эхо Масквы» было прапанавана выдаліць блог Аляксея Навальнага са свайго сайту, у выніку чаго некаторыя правайдэры блякавалі ўвесь сайт. Прэсавая сакратарка Навальнага Ганна Вядута назвала гэты крок часткай кампаніі Крамля «Чыстка мэдыя-прасторы».

Гэтыя новыя рэпрэсіі адбыліся праз дзень пасьля таго, як рэдактарка папулярнага сайту Lenta.ru была звольнена за асьвятленьне ўкраінскага крызысу, што выклікала масавы сыход журналістаў з гэтага рэсурсу. Lenta.ru раней атрымлівала афіцыйнае папярэджаньне за публікацыю спасылкі на інтэрвію зь лідэрам ультра-нацыяналістычнай, антырасейскай украінскай групоўкі «Правы Сэктар».

Спрэчны новы закон дазваляе пракурорам забараняць вэб-сайты без пастановы суду, калі яны апублікуюць заклікі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту, заплянаваных без дазволу ўраду. Юлія Беразоўская, генэральная дырэктарка Grani.ru заявіла, што яна чакала праблемаў пасьля таго, як новы закон уступіў у дзеяньне 1 лютага:

«Grani.ru аб’яўлялі і асьвятлялі розныя мітынгі і шэсьці, як вялікія, так і малыя. Мы будзем працягваць гэта рабіць. Незаконнымі зьяўляюцца дзеяньні рэгулятара, а ня наша журналісцкая дзейнасьць».

Grani.ru падалі судовы пазоў з нагоды блякаваньня свайго сайту.

Усе чатыры вэб-сайты могуць быць даступныя праз інтэрнэт-правайдэраў, якія знаходзяцца за межамі Расеі. Да таго ж, з незразумелых прычынаў, Grani.ru па-ранейшаму даступны ў некалькіх расійскіх правайдэраў. У інтэрнэце шырока публікуюцца інструкцыі, як абыйсьці забарону.

Нягледзячы на няпэўнасьць сытуацыі і няпэўнасьць будучыні, спадар Рыклін кажа, што сайт ej.ru паспрабуе працаваць у звычайным рэжыме. Ён заклікае чытачоў падтрымаць сайт, па-ранейшаму наведваючы яго ў абыход забароны:

«Я быў бы ўдзячны, каб людзі падтрымалі „Ежедневный журнал“, знайшоўшы спосаб працягваць нас чытаць. Устойлівы трафік будзе служыць нам доказам. Вялікі дзякуй усім загадзя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG