Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка стаў прэзыдэнтам?


Дэпутат Апазыцыі БНФ С. Навумчык на плошчы, 24 жніўня 1991 г.

Дэпутат Апазыцыі БНФ С. Навумчык на плошчы, 24 жніўня 1991 г.

Сяргей Навумчык распачынае новы цыкль «Дзевяноста чацьверты», прысьвечаны першым у гісторыі Беларусі прэзыдэнцкім выбарам.

У якой ступені цыкль «Дзевяноста чацьверты» будзе працягам ранейшага цыклю, прысьвечанага аднаўленьню Незалежнасьці Беларусі і які быў асновай кнігі "Дзевяноста першы"? І чаму прапушчаныя два гады — 92-гі і 93-ці?

У пэўным сэнсе так, гэта працяг цыклю дасьледаваньня найноўшай гісторыі. 1992 год не зусім прапушчаны — у мяне быў цыкль тэкстаў пра «Рэфэрэндум, які мог зьмяніць Беларусь», прысьвечаны ініцыятыве БНФ аб рэфэрэндуме аб датэрміновых выбарах парлямэнту. Калі б тады Вярхоўны Савет і яго сьпікер Станіслаў Шушкевіч падтрымалі гэтую ініцыятыву — перакананы, сёньня мы б жылі ў зусім іншай, дэмакратычнай краіне. 1993 год — так, ён можа быць прадметам асобнага дасьледаваньня, бо на яго, як я лічу, прыпалі як найбольшыя дасягненьні і нават трыюмфы нацыянальнага Адраджэньня (адкрыцьцё беларускамоўных школаў, урачыстае сьвяткаваньне юбілею БНР, зьезд беларусаў сьвету), гэтак і ўмацаваньне праімпэрскіх сілаў — іх кансалідацыя вакол Кебіча і Лукашэнкі, ягоны так званы антыкарупцыйны даклад, і як сымбалічнае завяршэньне — падпісаньне Шушкевічам у апошні дзень Дамовы аб сыстэме калектыўнай бясьпекі СНД, што ўводзіла краіну ў арбіту вайсковых інтарэсаў Расеі. Каб зразумець прычыны таго, што адбылося ў 94-ым — трэба вярнуцца да папярэдніх падзеяў, і ў першай частцы цыклю я даю кароткую рэтраспэкцыю.

На выбарах 1994 году Вы былі даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Зянона Пазьняка. Гэта, безумоўна, дае Вам магчымасьць бачыць падзеі знутры, але — наколькі ў такой сытуацыі можна захаваць аб’ектыўнасьць?

Вы прыгадалі кнігу «Дзевяноста першы» — дык вось, там я шмат цытую нашых тагачасных апанэнтаў, іх пазыцыя прадстаўленая ў дастатковым аб’ёме. І часам такія цытаты нагэтулькі красамоўныя, што нават не вымагаюць камэнтароў ці тлумачэньняў. Гэтак сама будзе і ў цыклі, прысьвечаным першым прэзыдэнцкім выбарам. Будзе прадстаўленая пазыцыя ўсіх кандыдатаў і іх камандаў. Як і ў «Дзевяноста першым», я даю фрагмэнты публікацый і дакумэнтаў таго часу, гэта дазволіць чытачам, асабліва маладым, скласьці больш поўнае ўяўленьне пра падзеі.

Якія тэмы Вы мяркуеце закрануць у новым цыклі?

Галоўнае — ці магчыма было пазьбегнуць абраньня Лукашэнкі? Якая была роля Масквы, на каго яна рабіла стаўку — на Кебіча, на Лукашэнку, альбо — адразу на абодвух? Як атрымалася, што дзяржаўныя СМІ, якія былі падкантрольныя Кебічу, фактычна працавалі і на Лукашэнку? Ці насамрэч Кебіч і Лукашэнка былі палітычнымі супернікамі? Якая была роля спэцслужбаў? Ці сапраўды быў сэнс у аб’яднаньні Пазьняка і Шушкевіча, і наколькі рэальным было такое аб’яднаньне? Як выявіла сябе нацыянальная інтэлігенцыя? Як паказала сябе намэнклятура і чым яна адрозьнівалася ад намэнклятуры ў Літве ці ва Ўкраіне? Ну, а першая частка цыклю будзе прысьвечаная абставінам прыняцьця Канстытуцыі, якой 15 сакавіка спаўняецца 20 гадоў. Гэтая Канстытуцыя, насуперак пратэстам БНФ, і ўвяла ў Беларусі прэзыдэнцкую сыстэму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG