Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларускіх дыпляматаў у Польшчы не затрымлівалі


Беларускіх дыпляматаў на тэрыторыі Польшчы апошнім часам не затрымлівалі, заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Польская «Газэта выборча» паведаміла пра затрыманьне ў Польшчы двух беларусаў, западозраных у шпіянажы на карысьць Расеі. Адзін з затрыманых, паводле інфармацыі выданьня, быў вайсковым аташэ беларускай амбасады.

«Газета выборча» са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што гэты чалавек быў «злоўлены на тым, што фатаграфаваў вайсковыя аб’екты ў Быдгашчы».

На патрабаваньне Агенцтва ўнутранай бясьпекі, піша выданьне, на мінулым тыдні аташэ пакінуў Польшчу.

«У сувязі з паведамленьнямі польскіх СМІ пра нібыта злоўленага „ў Рэспубліцы Польшча беларускага дыплямата“ адзначаем, што апошнім часам беларускія дыпляматы на тэрыторыі Польшчы не затрымліваліся і тым больш ня браліся пад варту», — заявіў Мірончык.

«Што да ратацыі супрацоўнікаў амбасады і яе матываў, то беларускі бок без належных на тое падстаў не камэнтуе ўнутраныя пытаньні функцыянаваньня дыпляматычнай службы Рэспублікі Беларусь», — дадаў прэсавы сакратар МЗС у інтэрвію БелаПАН.
XS
SM
MD
LG