Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі атрымаў прэмію «Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы»


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў агенцтва БелаПАН Аляксандар Класкоўскі стаў адным з васьмі ляўрэатаў прэміі імя Герда Буцэрыюса «Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы» 2014 году.

Акрамя Класкоўскага, прэмію атрымалі:

Марыя Эйсмант (Масква) — спэцыяльны карэспандэнт часопіса The New Times і калюмніст штодзённай газэты «Ведомости»;

незалежны расейскі тэлеканал «Дождь»;

Тацяна Чарнавол (Кіеў) — аўтар журналісцкіх расьсьледаваньняў пра карупцыю ва ўкраінскай уладзе, супрацоўнічае з газэтай «Украінская праўда», з канца лютага 2014 году ўзначальвае антыкарупцыйнае бюро часовага ўраду Ўкраіны;

Юлія Маставая (Кіеў) — галоўны рэдактар штотыднёвай газэты «Люстэрка тыдня. Украіна»;

Мустафа Наем (Кіеў) — журналіст і актывіст, аўтар журналісцкіх расьсьледаваньняў у газэце «Ўкраінская праўда», адзін з заснавальнікаў інтэрнэт-каналу Hromadske.tv;

азэрбайджанскі інтэрнэт-канал Objective TV;

армянскі навінавы інтэрнэт-партал Epress.am.

«У постсавецкіх краінах, дзе яшчэ ўчэпіста трымаецца „савок“, дзе крытыкаваць вярхі небясьпечна, журналіст асуджаны і на місію актыўнага грамадзяніна, змагара. Пры гэтым я супраць таго, каб журналістыка станавілася прыладай у руках палітыкаў любога кшталту. Маё крэда — быць перш за ўсё мэдыйным прафэсіяналам, сумленна інфармаваць і аналізаваць, трымацца ў межах цэхавай этыкі і паказваць праблемы з розных бакоў, нават калі рызыкуеш часам выклікаць раздражненьне з процілеглых лягераў. І я рады, што менавіта такі мой падыход да рамяства ацэнены міжнародным журы прэміі імя Герда Буцэрыюса», — заявіў Аляксандар Класкоўскі.

Прэмія імя Герда Буцэрыюса «Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы» зацьверджаная ў 2000 годзе германскім фондам ZEIT-Stiftung і нарвэскім фондам «Свабода слова», перадае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG