Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабоішча ў Данецку: «за Расею» разьбівалі галовы і выкалвалі вочы


У цэнтры Данецку ў чацьвер увечары адбыліся мітынг прыхільнікаў адзінства Ўкраіны і прарасейская акцыя, перадае УНІАН.

Па колькасьці мітынгі былі прыкладна аднолькавыя – па тысячы чалавек з кожнага боку.

У карэце «хуткай» па дарозе ў бальніцу памёр 22-гадовы данчанін. Яго сьмяротна паранілі нажом за тое, што прыйшоў на мітынг за адзіную Ўкраіну.

Другая ахвяра, паводле УНІАН – актывіст абласной арганізацыі аб’яднаньня «Свабода» Дзьмітры Чарняўскі.

Як паведамляе ТСН «хуткія» ледзь пасьпявалі аказваць дапамогу параненым. У іх былі прабітыя галовы, траўмаваныя вочы і раненьні ад удараў мэталічнымі прутамі.

Як распавядае сьведка, агрэсія пачалася з боку натоўпу, які падтрымлівае Расею. Паводле яго слоў, з боку ўкраінскіх дэманстрантаў агрэсіі не было.

Таксама відавочцы распавядаюць, што калі мітынг за адзінства Ўкраіны пачаў разыходзіцца, агрэсіўна настроеныя прарасейскія актывісты не адпускалі людзей.

Яны атачылі дэманстрантаў і пачалі распыляць газ, а таксама кідаць камяні. Атака пачалася пасьля таго, як праўкраінскія мітынгоўцы засьпявалі гімн Украіны.

Адразу пасьля гэтага ў іх з боку прарасейскіх актывістаў паляцелі яйкі, пэтарды і дымавыя шашкі. Выйсьці з плошчы Леніна мірным людзям дапамагла міліцыя, якая паплацілася за гэта парэзанымі шынамі аўто і пабітым аўтобусам.
XS
SM
MD
LG