Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская інтэлігенцыя склікае кангрэс супраць вайны


Амаль 100 расейскіх дзеячаў культуры, праваабаронцаў і палітолягаў падпісалі адкрыты ліст з ініцыятывай аб правядзеньні «Кангрэсу інтэлігенцыі супраць вайны, супраць самаізаляцыі Расеі, супраць рэстаўрацыі таталітарызму». Зварот апублікаваны 13 сакавіка на сайце «Новай газэты».

Ліст падпісалі, у прыватнасьці, пісьменьнікі і паэты Дзьмітрый Быкаў, Віктар Ерафееў, Людміла Ўліцкая, Уладзімер Вайновіч, Сяргей Гандлеўскі, Аляксандр Ільлічэўскі, Андрэй Бітаў, Ігар Ірценьеў, Віктар Шандаровіч, Вольга Ільніцкая, акторы Міхаіл Яфрэмаў, Лія Ахеджакава, Аляксей Дзевотчанка, Леў Прыгуноў, рэжысэры Эльдар Разанаў, Андрэй Сьмірноў, Павел Бардзін, Уладзімер Мірзоеў, Валерый Харчанка, Валерыя Ланская, музыка Андрэй Макарэвіч і іншыя.

«Наша краіна ўкінутая ў небясьпечную авантуру. Пад лёзунгам „Абаронім расейцаў у Крыме, а таксама ўсіх украінцаў ад новай нелегітымнай фашысцкай улады ва Ўкраіне!“ ужо адбылася фактычная анэксія Крыму,» — гаворыцца ў звароце.

«Меркаваньне інтэлігенцыі, ня згоднай з палітыкай, якая праводзіцца ўладамі ў сытуацыі, што склалася, павінна быць выказана больш выразна і гучна. А для гэтага неабходна ўжо ў бліжэйшыя дні правесьці Кангрэс расейскай інтэлігенцыі з запрашэньнем прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі. На Кангрэсе мы ня толькі абмяркуем становішча, якое склалася, і выкажам сваё стаўленьне да таго што адбываецца, але і паспрабуем знайсьці шляхі выхаду з сытуацыі, якая пазбаўляе нашу краіну пэрспэктываў колькі-небудзь годнага жыцьця ў агляднай будучыні...», — заявілі аўтары ліста.

У лісьце ў падтрымку палітыкі Ўладзімера Пуціна, разьмешчаным 11 сакавіка на вэб-сайце міністэрства культуры, яго падпісанты кажуць, што яны «ня могуць быць абыякавымі назіральнікамі з халоднымі сэрцамі» і «цьвёрда заяўляюць аб сваёй падтрымцы пазыцыі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі па Ўкраіне і Крыме».

Сьпіс уключае мноства вядомых імёнаў, такіх як дырэктар Марыінскага тэатру Санкт-Пецярбургу Валерый Гергіеў; піяніст Дзяніс Мацуеў; артыст балету Мікалай Цыскарыдзэ; рэжысэры Фёдар Бандарчук і Карэн Шахназараў, усяго каля 400 чалавек.



Калектыўныя лісты — апошні аргумэнт Крамля? Такая тэма гутаркі Ўладзімера Кара-Мурзы з філёзафам Ігарам Чубайсам, аўтарам дасьледаваньня «Расейская ідэя», і Паўлам Пажыгайлам, членам Грамадзкай палаты, выканаўчым дырэктарам Усерасейскага харавога грамадзтва і прэзыдэнтам Фонду вывучэньня спадчыны Сталыпіна.

Магчымасьць уводу расейскіх войскаў ва Ўкраіну зьявілася пасьля таго, як 1 сакавіка Рада Фэдэрацыі задаволіла адпаведную просьбу прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Паводле яго, ваеннае ўмяшаньне Расеі ў сытуацыю ў краіне можа спатрэбіцца з-за пагрозы рускамоўнаму насельніцтву Крыму. Пазьней ён заявіў, што пакуль неабходнасьці ў гэтым няма.

У лютым улады Крыму адмовіліся прызнаць новае кіраўніцтва ў Кіеве. Парлямэнт аўтаномнай рэспублікі адправіў урад у адстаўку і прызначыў прэм’ер-міністрам лідэра партыі «Рускае адзінства» Сяргея Аксёнава. На 16 сакавіка прызначаны рэфэрэндум, па выніках якога Крым можа стаць часткай Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG