Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея блякуе пастаўкі харчаваньня празь Літву


Спраўджваюцца найгоршыя прагнозы дзеяньняў Расеі ў дачыненьні да Літвы — Расея блякуе пастаўкі харчаваньня праз Літву, піша інфармацыйны партал DELFI.

Прэм’ер Літвы Альгірдас Буткявічус у Сэйме прызнаў, што ў Клайпедзкім порце затрымаўся груз з харчовымі таварамі.

«Тут няма чаго хаваць. Ужо з усіх тэрміналаў Клайпедзкага порта немагчыма ані экспартаваць, ані рээкспартаваць, ані імпартаваць,» — сказаў прэм’ер.

Буткявічус заявіў журналістам, што Расея афіцыйна паведаміла аб блякаваньні паставак прадуктаў харчаваньня праз Літву з-за афрыканскай чумы сьвіней.

«Атрыманы ліст Клайпедзкім тэрміналам. Акрамя таго, атрыманыя лісты тымі кампаніямі, якія экспартуюць прадукцыю праз партовыя тэрміналы ў Расею. І ў тых лістах гаворыцца, што экспарт зь Літвы, партовых тэрміналаў Клайпедзкага марскога порта і, магчыма, некаторых іншых тэрміналаў у Расею немагчымы. І агучана просьба накіраваць рээкспарт, экспарт прадуктаў харчаваньня праз іншыя парты», — сказаў прэм’ер-міністар.

На пытаньне аб тым, якія могуць быць наступствы падобнай блякады, кіраўнік літоўскага ўраду прадставіў наступныя лічбы:

«Пакуль што аб стратах мы не гаворым, таму што толькі сёньня атрымалі гэтую інфармацыю. Разьлік можа быць вельмі просты. За год праз тэрміналы Клайпедзкага порта рээкспартуецца і экспартуецца ў Расею больш за 1 млн. тон харчаваньня», — сказаў А.Буткявічус.

Некалькі дзён таму былі ўведзены некаторыя абмежаваньні, ініцыяваныя расейскім бокам. Часова прыпынены ўвоз харчовых тавараў у Мытны саюз.

Кіраўнік Дзяржаўнай службы харчаваньня і вэтэрынарыі Ёнас Мілюс пацьвердзіў, што пакуль з Клайпэдзкага порта прадукцыя не адпраўляецца ў Расею. «Зьявілася інфармацыя „Рассельгаснагляду“, што ў дачыненьні да чатырох краінаў — Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы — будуць пераглядацца ўсе халадзільнікі ў сувязі з афрыканскай чумой сьвіней. Некаторыя грузы ня будуць адпраўляцца ў Мытны Саюз», — сказаў Мілюс.

На сайце «Рассельгаснагляду» цытуюцца словы кіраўніка службы Сяргея Данкверта, які крытыкуе спосабы Эўрапейскай камісіі ў барацьбе супраць афрыканскай чумы сьвіней. Паводле яго, прапанаваныя меры «неадэкватныя і неэфэктыўныя». На думку расейскіх экспэртаў, павінны абмяжоўвацца пастаўкі прадукцыі са сьвініны з краінаў Балтыі і Польшчы.
XS
SM
MD
LG