Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Ляйпцыгскім кніжным кірмашы зьвязалі Першую сусьветную і незалежнасьць


Дыскусія вакол першай сусьветнай вайны на Ўсходзе

Дыскусія вакол першай сусьветнай вайны на Ўсходзе

У нямецкім Ляйпцыгу распачаўся адзін з самых вялікіх і важных для Эўропы кніжных кірмашоў. Ужо другі год запар на кірмашы дзейнічае беларускі стэнд, мэта якога прадставіць найноўшую інфармацыю пра Беларусь і яе культурныя набыткі, а таксама зацікавіць замежных выдаўцоў і кнігароў новымі імёнамі беларускай літаратуры.

Асаблівасьцю гэтага кірмашу стала тое, што сёлета, як і летась, на ім працуе асаблівы «астравок», адведзены Польшчы, Украіне і Беларусі. Сёньня беларуская тэма прагучала ў некалькіх сэкцыях. У першай тэмай круглага стала была першая сусьветная вайна на Ўсходзе. Выступіў сярод іншых беларускі гісторык Уладзімер Ляхоўскі.

Уладзімер Ляхоўскі

Уладзімер Ляхоўскі

«Сёлета сотыя ўгодкі Першай сусьветнай вайны, — сказаў ён Свабодзе. — Гэта шматаспэктная праблема, якая мала дасьледаваная і ў Беларусі, і ва Ўкраіне. Я адзначыў, што Першая сусьветная вайна актуалізавала пытаньне незалежнасьці Беларусі. І тое, што рабілася перад вайной, не параўнаць з тымі наступствамі, што зрабіла Першая сусьветная вайна для нацыянальнага самаўсьведамленьня Беларусі. Фактычна з 1914 году пачаўся адлік рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі, якая ўвасобілася ў ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе».

Сёньня на кніжным кірмашы Артур Клінаў прадставіў свой праект «Партызан» — часопіс і мастацкі праект вакол гэтага часопісу. Таксама адбываецца дыскусія, прысьвечаная пратэстным рухам у Беларусі, Польшчы і Ўкраіне. У ёй бярэ ўдзел Марыйка Мартысевіч.

У працы беларускага стэнда на кніжнай выставе ў Ляйпцыгу бяруць удзел сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, «Літаратурнага Дому «Логвінаў» і моладзевага інтэрнэт-часопісу 34mag.net. На стэндзе будзе прэзэнтаваны англамоўны каталёг «Books from Belarus/Кнігі зь Беларусі».

Акрамя таго, на Ляйпцыгскім кніжным кірмашы ў межах беларуска-польска-украінскай праграмы «Транзіт» адбудуцца выступы беларускіх літаратараў, гісторыкаў і фотамастакоў. На розных пляцоўках ад чацьвярга да суботы выступяць гісторык Уладзімер Ляхоўскі, фотамастакі Андрэй Лянкевіч і Аляксандра Салдатава, перакладчыцы Вера Дзядок і Ірына Герасімовіч, літаратары Марыя Мартысевіч, Вера Бурлак, Артур Клінаў, Ян Максімюк.
XS
SM
MD
LG