Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Крым ня мае права аддзяляцца? І чаму ён усё роўна гэта зробіць?


Барак Абама, Ангела Мэркель, Франсуа Алянд, АБСЭ, G7 — усе ў адзін голас заявілі, што не прызнаюць рэфэрэндум аб далучэньні Крыма да Расеі. Іх пазыцыю можна зразумець: рэфэрэндум пройдзе без міжнародных назіральнікаў, ва ўмовах акупацыі паўвострава расейскімі войскамі і засільля прапаганды. Усё гэта ня толькі супярэчыць Будапэшцкаму мэмарандуму, па ўмовах якога Расея абавязалася паважаць непарушнасьць межаў Украіны, але і ідзе насуперак нормам міжнароднага права, піша журналістка Libération Кардэлія Бональ і прыводзіць адразу некалькі прычынаў.

«Таму што Крым — ня Косава»

Аддзяленьне ў 2008 годзе Косава ад Сэрбіі, несумненна, стварыла прэцэдэнт. Аднак, як нагадвае прафэсар міжнароднага права Жан-Марк Тувэнэн, у выпадку з Косавам заходнія дзяржавы выступалі за права на аддзяленьне для народаў, якія спазнаюць сур’ёзны прыгнёт. «Гэта атрымала назву «выратавальная сэцэсія (выхад са складу дзяржавы якой-небудзь яе часткі)», — кажа прафэсар. Падобнае абгрунтаваньне непрымальнае да Крыма, паколькі крымчане не зазнаюць ніякіх перасьледаў.

«Таму што Крым — не Альжыр»

Парлямэнт Крыму таксама спасылаецца на Хартыю ААН і права нацый на самавызначэньне. «Права на самавызначэньне было прызнана ва ўмовах дэкалянізацыі. У выпадку Крыму варта хутчэй казаць аб працэсе сэцэсіі, — удакладняе Тувэнэн. — Так што аб праве на самавызначэньне тут гаворка не ідзе А Хартыя ААН, складзеная дзяржавамі для дзяржаваў, ніяк не заахвочвае сэцэсію». Права на самавызначэньне было прызнана за народам Альжыру і дазволіла правесьці ў 1961 годзе рэфэрэндум аб яго незалежнасьці. Іншыя прыклады гэтага сцэнару — Нігер, Камэрун і Буркіна-Фасо. «Насельніцтва Крыму зь цяжкасьцю можа прэтэндаваць на адпаведнасьць гэтаму вызначэньню», — гаворыцца ў артыкуле.

«Таму што Крым — не Шатляндыя»

Нарэшце, крымскія парлямэнтарыі прыводзяць у якасьці аргумэнту на сваю карысьць рашэньне Міжнароднага суду ААН ад 22 ліпеня 2010 году, згодна зь якім «аднабаковае абвяшчэньне незалежнасьці часткі дзяржавы не супярэчыць ніякім нормам міжнароднага права». Аднак міжнароднае права і не заахвочвае такія дзеяньні. Вырашальнай у дадзеным выпадку зьяўляецца згода ўраду зацікаўленай дзяржавы. Падобная сытуацыя назіраецца ў Шатляндыі. Лёндан выступае супраць яе незалежнасьці, аднак не стаў пярэчыць супраць правядзеньня ў верасьні 2014 году рэфэрэндуму. Сытуацыя ў Крыме моцна адрозьніваецца ад шатляндзкай: кіеўскі ўрад наадрэз адмаўляецца прызнаваць прызначаны на 16 сакавіка рэфэрэндум у Крыме.

«Таму што Крым — не Прыднястроўе (але можа ім стаць)»

Прыднястроўе — гэта ўсходні рэгіён Малдовы, які аддзяліўся ў 1991 годзе, нагадвае аўтар артыкулу. «Гэта можа збольшага тлумачыцца агульным кантэкстам распаду СССР, але ў Крыме зараз зусім іншая сытуацыя», — мяркуе былы грузінскі міністар эўрапейскай інтэграцыі Торнікэ Гардадзэ. — Незалежнасьць Прыднястроўя была замацаваная ў 2006 годзе на мясцовым рэфэрэндуме, падтрыманым Расеяй. Акрамя Масквы, Прыднястроўе прызналі толькі Паўднёвая Асэтыя і Абхазія. «Крым цалкам можа неўзабаве далучыцца да гэтага клюбу тэрыторый, сілай анэксаваных Расеяй пад прыкрыцьцём легітымных рэфэрэндумаў», — цытуе аўтара артыкулу Бональ партал Inopressa.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG