Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі бізнэсовец ва Ўкраіне: Масква не пралічвае страты ад «прыватызацыі» Крыму


Аляксей Дудзінаў

Аляксей Дудзінаў

Многія расейскія прадпрымальнікі, якія жывуць і працуюць ва Ўкраіне, не падзяляюць імпэрскіх амбіцыяў кіраўніцтва Расеі што да спробы анэксіі Крыму. З экс-старшынём Саюзу вэбмайстраў Расеі Аляксеем Дудзінавым, які перавёў бізнэс з Масквы ў Хэрсонскую вобласьць, пагутарыў Ігар Карней.

За рэалізацыю ноў-хаў у галіне інтэрнэт-тэхналёгіяў у Расеі Аляксей Дудзінаў уганараваны на самых розных узроўнях. Аднак некалькі гадоў таму нечакана для калегаў прадаў у Маскве пасьпяховую справу і разам зь некалькімі аднадумцамі перабраўся ў пасёлак Іванаўка Хэрсонскай вобласьці. Тут, на ўзьбярэжжы запаведнага Ягарлыцкага заліву, заняўся стварэньнем адзінага ва Ўкраіне полікультурнага цэнтру «Чайная цішыня», адкрыцьцё якога заплянаванае на наступны год. Апроч таго, каманда працягвае дыстанцыйна займацца вэб-праектамі, а таксама далучылася да турыстычнай дзейнасьці.

Ці няма жалю наконт пасьпешлівасьці рашэньня — асабліва з улікам таго, што Хэрсоншчына становіцца своеасаблівым буфэрам перад мяцежным Крымам? Тым больш, што адпачатку «перасяленцы» разглядалі варыянт менавіта крымскай прыпіскі:

«Не, абсалютна не шкадую. Я лічу, што ва Ўкраіне нашмат больш магчымасьцяў для разьвіцьця ўласнага бізнэсу, чым у Расеі. Гэта выяўляецца, найперш, у тым, што вельмі прыязныя людзі, якія заўсёды ідуць на кантакт. Тут надзвычай шмат магчымасьцяў, у турыстычным сэктары ў прыватнасьці. Калі на расейскім чарнаморскім узьбярэжжы ў Сочы практычна ўсё „папілаванае“ і далей усё „расьпілоўваецца“ паміж сваімі (узьбярэжжа маленькае, а Расея вялікая), то там, дзе я знаходжуся, у Хэрсонскай вобласьці, — гэта месца зь вялізным турыстычным патэнцыялам. Думаю, ня меншым, чым у Крыме, але людзьмі зусім не асвоенае. Дарэчы, у Крыме таксама ўжо ўсё падзелена. Калі, прыкладам, беларусы добра ведаюць такія курорты, як Жалезны порт, Скадоўск, Лазурнае, то для Расеі Хэрсон — гэта проста голы стэп. Для расейцаў турыстычнай мэкай заўсёды быў Крым».
На будоўлі цэнтру «Чайная цішыня»

На будоўлі цэнтру «Чайная цішыня»


16 сакавіка з ініцыятывы самаабвешчаных уладаў Крыму адбудзецца рэфэрэндум, па выніках якога вызначыцца статус паўвострава. У выпадку расейскай анэксіі аналітыкі не выключаюць сілавога сцэнару зачысткі ад усяго, што нагадвае пра ўкраінскую спадчыну. Якая верагоднасьць, што інтэрвэнцыя не перакінецца на прарасейскія «мацерыковыя» рэгіёны?

«Прыкладам, за Данецк ці Харкаў нічога не магу сказаць, але перакананы, што той жа Хэрсон адназначна не захоча быць расейскім. Горад цалкам украінскі — і духам, і мэнталітэтам. Пры гэтым важна адзначыць, што тыя людзі, якія да канфлікту нават ганарыліся сваімі расейскімі каранямі (маўляў, мы таксама „маскалі“, як нас тут называюць), ці тыя ж прадстаўнікі „Партыі рэгіёнаў“, якія выступалі за расейскую мову, то калі Расея пачала гэтак вось па-мядзьведжаму паводзіць сябе ў Крыме, ранейшы імпэт да Расеі зьнік. Людзі ў масе сваёй ня хочуць класьціся пад Пуціна, пад абмежаваньне тых свабодаў, якія існуюць у Расеі».
Калі Расея пачала гэтак вось па-мядзьведжаму паводзіць сябе ў Крыме, ранейшы імпэт да Расеі зьнік

Расейская прапаганда падае, што інкарпарацыя ў Расею — жаданьне саміх крымчукоў. Аднак, як кажа Аляксей Дудзінаў, грунтуючыся на ўласных назіраньнях, асабіста ён ня верыць заявам пракрамлёўскіх мэдыяў, што насельнікі Крыму ледзь не стопрацэнтна імкнуцца пад крыло Масквы:

«Перакананы, што ў бальшыні сваёй гэта вынік працы палітыкаў і прыручаных СМІ. Вядома, калі людзям увесь час талдычаць, што мы вас далучым да Расеі і ў вас будуць маскоўскія заробкі, нейкая частка крымчукоў сапраўды пачынае ўяўляць сабе вялізныя расейскія пэнсіі=с, асацыяваць сябе з Масквой, у якую яны будуць езьдзіць ды працаваць за фантастычныя грошы. Зь іншага боку, той жа татарскі Мэджліс адназначна заявіў: крымскія татары ня згодныя з тым, каб далучацца да Расеі. Нават калі мы паглядзім на вайсковыя часьці, якія цяпер пад блякадай расейскіх войскаў, то людзі таксама не сьпяшаюцца выбягаць адтуль і вывешваць расейскія сьцягі. Адпаведна, магу зрабіць выснову: ня ведаю, ці большая частка, але прынамсі палова жыхароў Крыму зусім ня хочуць далучацца да Расеі».
Скадоўск, хэрсонскі «буфер» паміж Крымам і мацерыком

Скадоўск, хэрсонскі «буфер» паміж Крымам і мацерыком


Калі Севастопаль, дзе месьціцца база расейскага флёту, не выклікае сумневу ў сваёй савецкасьці, то якім колерам афарбаваныя іншыя стратэгічныя мясьціны — у жоўта-блакітны ці ўсё ж пад расейскі трыкалёр?

«Не сакрэт, што Севастопаль асноўныя грошы зарабляе за кошт расейскага Чарнаморскага флёту, хоць, дзеля справядлівасьці, там флёт не адзін, гэтак жа раўнапраўна стаіць украінскі флёт. Таму бальшыня жыхароў Севастопаля ўсё ж у расейскім трыкалёры. А што далей, дзе стэпавыя раёны, то я ня думаю, што яны хочуць прымыкаць да Расеі. Магчыма, крыху асобна стаіць Сімфэропаль, бо ў сталіцы традыцыйна перасякаюцца розныя меркаваньні — ад пазыцыі паўднёвага берагу Крыму, дзе людзі хочуць бачыць багатых турыстаў з Расеі, да, зноў жа, абалваненых прарасейскай агітацыяй жыхароў паўночных раёнаў Крыму, якая вядзецца досыць даўно. Але, як я ўжо казаў, тыя ж татары пастанавілі ні пры якім раскладзе не ўваходзіць у Расею. Наадварот, далі зразумець: калі будзе расейская агрэсія, то яны зробяць Крамлю другую Чачню».

Прарасейскі парадак у Крыме забясьпечваюць людзі без апазнавальных знакаў, якія называюць сябе «сіламі самаабароны». Але для «аматараў» пад завязку ўзброеныя і добра экіпіраваныя вайскоўцы выглядаюць занадта прафэсійна. Дык што гэта за «зялёныя чалавечкі»?

«Раскладка, на мой погляд, такая. Найперш, адназначна там байцы „Беркута“, якія зьбівалі і стралялі ў людзей у Кіеве. Мясцовы севастопальскі „Беркут“, зразумела, таксама задзейнічаны. Таксама нейкія тамтэйшыя сэпаратысты. Зь іншага боку, неяк надта шмат гэтых сэпаратыстаў ды так добра падрыхтаваных байцоў, якія разьяжджаюць на вайсковых грузавіках, аднолькава апранутыя ў нібыта купленую ў крамах форму і г.д. Таму адназначна лічу, што гэта ўсё ж расейскія спэцыялісты. Ня ведаю, якую яны там граюць ролю як камандзіры, як шарагоўцы; якую ролю грае мясцовы „Беркут“, мясцовыя сэпаратысты. Але па ўсім выглядае, што гэта ўсё ж расейскія людзі».

Цікаўлюся ў Аляксея Дудзінава, які апошнімі гадамі пазыцыянуе сябе ўжо больш як жыхара Ўкраіны, чым часова камандзіраванага: наколькі высока ва ўкраінскім грамадзтве ацэньваюць рызыку страты Крыму?
Як мне здаецца, кіраўніцтва Расеі проста не да канца асэнсоўвае свае асабістыя страты ад набыцьця невядома чаго

«Такая рызыка, несумненна, ёсьць, бо мы зусім нядаўна назіралі, што сталася ў Грузіі з Абхазіяй, Паўднёвай Асэтыяй, а яшчэ раней у Малдове з Прыднястроўем. І калі такое ўжо было, то, вядома ж, пэўная рызыка існуе і ў дадзеным выпадку. Як мне здаецца, кіраўніцтва Расеі проста не да канца асэнсоўвае свае асабістыя страты ад набыцьця невядома чаго, ад набыцьця чарговай, нікім не прызнанай рэспублікі. Дый для мясцовага насельніцтва нічога добрага гэта не абяцае: мы ж бачылі на прыкладзе Прыднястроўя, Абхазіі, Асэтыі, што найперш пацерпіць не самаабвешчаная ўлада, якая пра сябе, зразумела, паклапоціцца, а народ, які на гэтай тэрыторыі жыве. Гэта яны, пакуль усё не ўтрасецца, застануцца без вады, без электрычнасьці, без турыстаў».

Як удакладняе суразмоўца, відавочна, што нельга скідаць з рахункаў і «пятую калёну», якая адкрыта сымпатызуе палітыцы Ўладзімера Пуціна і ня можа дачакацца, калі атрымае калектыўную расейскую «чырвонаскурую пашпарціну»:

«Нават у тым жа ціхім Хэрсоне маршыравалі і фашысты, і камуністы — у такі рэвалюцыйны час людзі адразу ж афарбоўваюцца і пачынаюць кідацца ў скрайнія бакі. То бок калі адных пацягнула ўправа, то другіх цягне ўлева. Таму думаю, што крымскія сэпаратысты — яны ўсё ж мясцовыя і сапраўды хочуць аддзяліцца. Магчыма, яны самі пакуль не асэнсоўваюць, што калі далучацца да Расеі, трапяць у нашмат больш аўтарытарны рэжым, чым урад „Бацькаўшчыны“ і „Свабоды“. Але здаецца, што пакуль для іх асноўная задача — зваліць з Украіны. Самы галоўны іх пасыл — гэта перапуд перад „бандэраўцамі“, тымі „фашыстамі“, як некаторыя СМІ, асабліва расейскія, гэта пастаянна падносяць. Хоць асабіста я, калі бываў на Майдане і перад Новым годам, і пасьля, нават на машыне заехаў туды, не назіраў супраць мяне аніякай агрэсіі. Запытваў, як выехаць, праехаць наскрозь. Нягледзячы на досыць „раздражняльную“ машыну (Audi Q5), ды яшчэ з расейскімі нумарамі, мне ўсе ветліва, паважліва адказвалі. Зноў жа, бачыў на Майдане людзей, якія проста прыходзілі, як і я, паглядзець, што там і як. Бачыў і тых, хто толькі спачувае, і тых, хто прыносіў абаронцам гарачыя абеды».

Аляксей Дудзінаў нарадзіўся ў Маскве. Атрымаў мэдычную, інжынэрна-архітэктурную і псыхалягічную адукацыю. Кандыдат тэхнічных навук. Ад канца 1990-х займаўся дзейнасьцю ў галіне моладзевай палітыкі і інтэрнэту, выкладаў у маскоўскіх ВНУ. Рэдагаваў моладзевы часопіс, быў заснавальнікам і ўладальнікам буйнога рэклямнага агенцтва «Webmastera». Экспэрт у галіне інтэрнэт-тэхналёгіяў у Савеце Фэдэрацыі. Экс-старшыня Саюзу вэбмайстраў Расеі, прэзыдэнт Фэстывалю моладзевых некамэрцыйных інтэрнэт-праектаў. Ад 2010 году жыве ва Ўкраіне, сумяшчаючы працу з падарожжамі і ўдзелам у дасьледчых экспэдыцыях.
XS
SM
MD
LG