Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны: На аэрадром у Бабруйску селі 6 расейскіх зьнішчальнікаў і тры транспартнікі


Пра гэта паведаміў кіраўнік прэсавай службы Мінабароны Беларусі Ўладзімер Мацьвееў. Паводле яго, расейскія самалёты запрошаныя ў межах манэўраў сумесных Узброеных сіл.

13 сакавіка на вайсковы аэрадром у Бабруйску прызямліліся 6 зьнішчальнікаў і тры транспартныя самалёты з Расеі.

Мінабароны Беларусі ўжо заявіла, што расейскія самалёты прыляцелі ў Беларусь на запрашэньне беларускага боку для ўдзелу ў манэўрах, якія ініцыяваў кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік прэсавай службы Мінабароны Беларусі Ўладзімер Мацьвееў.

«Са студзеня на загад кіраўніка дзяржавы праводзіцца праверка боегатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі. На першым этапе правяралася гатоўнасьць органаў кіраваньня частак беларускага сэгмэнту супрацьпаветранай абароны ў адзінай рэгіянальнай сыстэме СПА Беларусі і Расеі. А на другім этапе будзе праверана гатоўнасьць да выкананьня задач усёй сыстэмы, з далучэньнем часткі расейскага кампанэнту, што прадугледжана дамовай аб саюзнай дзяржаве. У гэтых мэтах беларускім бокам было прапанавана Расейскай Фэдэрацыі ўзяць удзел у сумеснай фазе манэўраў. І сёньня, 13 сакавіка 2014 году, правесьці перадысьлякацыю на аэрадром Бабруйск 6 расейскіх зьнішчальнікаў СУ-27 і трох ваенна-транспартных самалётаў з тэхнічным пэрсаналам».

12 сакавіка на нарадзе ў Савеце бясьпекі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь варта запрасіць дадатковыя расейскія самалёты, абгрунтаваўшы гэта дзеяньнямі НАТО^

«Калі з Італіі перакінутыя паўтара дзясятка самалётаў, я думаю, трэба зьвязацца з начальнікам Генштабу Расеі і прапанаваць ім, каб тое падмацаваньне, якое яны абавязаныя даць нам (зараз, дапусьцім, ня больш за 12–15 самалётаў), перагнаць на тэрыторыю Беларусі, вызначыць маршруты патруляваньня, як мы зрабілі для сваіх, запасныя маршруты, і няхай працуюць, патрулююць», — казаў учора Аляксандар Лукашэнка.

Сёньня, 13 сакавіка, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дадатковыя расейскія самалёты яму навязалі.

«Учора некаторыя расейскія каналы паставілі Беларусь у адзін шэраг з Крымам і — ай-яй-яй: Лукашэнка спалохаўся, папрасіў дапамогі, абароны ў Расеі. Навошта вы гэта робіце? Вы лепш скажыце, што вы даўно просіце ў нас гэта. І я ўжо тут, ведаеце, рознымі вывертамі прапанаваў, каб Расея прыехала і тут прызямлілася», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Мардовіі Ўладзімерам Волкавым.

Ці можна верыць таму, што расейскія самалёты запрошаныя ў Беларусь з прычыны падвышэньня актыўнасьці НАТО на беларускіх межах?

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін заўважыў, што НАТО і раней, калі праводзіла манэўры непадалёк ад Беларусі, павялічвала колькасьць сваіх самалётаў побач зь Беларусьсю, але тады беларускае кіраўніцтва не выказвала з гэтай нагоды такой рэакцыі, як цяпер. Прычына запрашэньня ў Беларусь дадатковых расейскіх самалётаў — не ваенная, а палітычная, мяркуе Аляксандар Алесін.

Якія ваенныя характарыстыкі і прызначэньне ў самалётаў, якія прыляцелі з Расеі ў Бабруйск?

Паводле Аляксандра Алесіна, зьнішчальнікі-перахопнікі «СУ-27» маюць дастатковую дальнасьць палётаў, каб за некалькі гадзін з Расеі пераляцець у Беларусь. Пры гэтым аглядальнік адзначыў, што і раней такія прылёты расейскіх самалётаў у Беларусь ажыцьцяўляліся. У прыватнасьці, у межах леташніх манэўраў «Захад-2013», калі ў Беларусь заляталі расейскія «аваксы», зьнішчальнік і нават бамбавозы, якія могуць несьці ядзерную зброю.

«І тады гэта ня выклікала асаблівых эмоцыяў. А тут 12–15 самалётаў выклікалі такую рэакцыю. Гэта адбылося толькі таму, што на іх зьвярнуў увагу Аляксандар Лукашэнка. З гэтага я раблю выснову, што ўсе купіліся на ягоную акцыю, празь якую ён спрабуе прадэманстраваць сваю ляяльнасьць Расеі як ваенны саюзьнік».
Усе купіліся на ягоную акцыю, празь якую ён спрабуе прадэманстраваць сваю ляяльнасьць Расеі як ваенны саюзьнік

На думку Аляксандра Алесіна, зьяўленьне ў Беларусі дадатковых расейскіх самалётаў — ініцыятыва Лукашэнкі, якую Расея будзе вітаць найперш з палітычнага пункту гледжаньня.

«Для Расеі гэта хоць нейкая форма падтрымкі, бо па ўкраінскім пытаньні Расею ніхто асабліва не падтрымлівае».

Паводле Аляксандра Алесіна, дадатковыя расейскія самалёты ў Беларусі ня зробяць сур’ёзнага ўплыву на расклад сіл у выпадку ваеннага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.

«Гэтыя самалёты прызначаныя для зьнішчэньня паветраных цэляў. Украінскія самалёты сюды лятаць не зьбіраюцца, а супрацьпаветраная абарона самой Украіны, акрамя Крыму, застаецца моцнай, і цяжка ўявіць, каб гэтыя самалёты паляцелі ўва Ўкраіну. Таму я і кажу, што іх сэнс тут — дэманстрацыя. Лукашэнка дэманструе Расеі сваю ляяльнасьць, Расея дэманструе Захаду сваю дуліну».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG