Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітолягі пра пазыцыю Лукашэнкі наконт расейскай агрэсіі


Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

У чым адметнасьць пазыцыі Аляксандр Лукашэнкі адносна расейскай агрэсіі супраць Украіны? З аднаго боку, ён заяўляе, што супраца з Украінай працягваецца, у тым ліку і ў эканамічнай сфэры, і абяцае Кіеву гуманітарную падтрымку. З другога боку, дае дазвол на ўвод у Беларусь расейскіх ваенна-паветраных сіл. Меркаваньні беларускіх палітолягаў і навукоўцаў.

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Андрэй Елісееў у размове са Свабодай назваў пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі «неадназначнай»:

«І гэта можна зразумець рацыянальна. Бо, з аднаго боку, Расея аказвае значную палітычную і эканамічную падтрымку Лукашэнку. І таму адназначна падтрымаць Украіну і асудзіць дзеяньні Крамля ён ня можа. Але, з другога боку, былі яго заявы пра гатоўнасьць да супрацоўніцтва з новымі ўкраінскімі ўладамі і аказаньня гуманітарнай дапамогі. То бок можна казаць і пра сымбалічную падтрымку Ўкраіны».

Андрэй Елісееў зьвяртае ўвагу на тое, як асьцярожна кіраўнік Беларусі расстаўляе акцэнты ў складанай і для яго сытуацыі:

«Калі б ён выказаў ініцыятыву пра расейскія самалёты ня з пункту гледжаньня абароны Беларусі ад НАТО, а сказаў, што самалёты і базы прадстаўляюцца для вайсковай апэрацыі Расеі, то гэта была б вельмі сур’ёзная заява. І тады ён настроіў бы супраць сябе Захад і паставіў бы пад пагрозу правядзеньне хакейнага чэмпіянату ў Менску. Бо калі Лукашэнка адназначна падтрымае Маскву, то тады зноўку можа вельмі верагодна замаячыць байкот хакея. Цяпер ужо зь іншага, раней не прадказальнага боку».

«Як глыбока савецкі чалавек, Лукашэнка не прымае заходнія дэмакратычныя каштоўнасьці. Але адначасова ён баіцца, як бы Пуцін наступным крокам не далучыў да Расеі і Беларусь, адным кавалкам альбо шасьцю губэрнямі», — адзначае палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Таму і пазыцыя яго наступная. На словах ён стрымана выступае супраць падзелу Ўкраіны і кажа пра яе тэрытарыяльную цэласнасьць. У той жа час, прапаноўваючы расейцам магчымасьці выкарыстаньня беларускай тэрыторыі, у прыватнасьці для расейскай авіяцыі, ён хоча атрымаць за гэта сваю выгаду з Масквы. Найхутчэй, за ягонай прапановай ідзе цэньнік, у якім абазначана, колькі гэта будзе каштаваць».

Павал Вусаў

Павал Вусаў

Доктар палітычных навук Павал Вусаў лічыць, што бліжэйшым часам больш-менш нэўтральная пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі можа зьмяніцца на карысьць падтрымкі Расеі:

«Бо калі б у гэтым канфлікце перамог Захад, то ён сказаў бы, што заўжды падтрымліваў неабходнасьць тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Але пакуль у палітычным і стратэгічным кантэксьце перамагае Расея, то ён займае бок Крамля як шчыры саюзьнік, як краіна, гатовая надалей быць у тым працэсе, якім цяпер кіруе Масква.

Лукашэнка вельмі добра адчувае рэакцыю Захаду. Ён бачыць, што Захад ня робіць сур’ёзных захадаў дзеля абароны сувэрэнітэту Ўкраіны. І бачыць, што факт адарваньня Крыму ўжо, можна сказаць, зьдзейсьнены. Таму ў дадзеным выпадку ён займае бок пераможцы — Расеі».
XS
SM
MD
LG