Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаўся, што не прасіў ваеннай дапамогі ў Расеі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў паведамленьні ў расейскіх СМІ, што прапанова беларускага боку накіраваць у краіну самалёты Ваенна-паветраных сіл Расейскай Фэдэрацыі для сумесных вучэньняў — гэта была ягоная просьба наконт ваеннай дапамогі.

Фактычна Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Мардовіі Ўладзімерам Волкавым прызнаў, што самалёты яму навязалі:

«Учора некаторыя расейскія каналы паставілі Беларусь у адзін шэраг з Крымам і — ай-яй-яй: Лукашэнка спалохаўся, папрасіў дапамогі, абароны ў Расеі. Навошта вы гэта робіце? Вы лепш скажыце, што вы даўно просіце ў нас гэта. І я ўжо тут, ведаеце, рознымі вывертамі прапанаваў, каб Расея прыехала і тут прызямлілася.

Нельга так рабіць. Навошта інфармацыю падаваць незразумела як? У нас нармальная абстаноўка. Вы бачыце: вайны няма, усё ціха, спакойна».

Лукашэнка зазначыў, што расейскія самалёты ён запрасіў толькі на вучэньні.

У мінулую сераду прайшло пасяджэньне Рады бясьпекі Беларусі. Сярод іншага, абмяркоўваўся пачатак другога этапу праверкі боегатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, у які былі ўнесеныя зьмены ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне і актывізацыяй сілаў НАТО паблізу межаў Беларусі. На пасяджэньні Лукашэнка абвясьціў рашэньне запрасіць дадатковыя сілы Ваенна-паветраных сіл Расейскай Фэдэрацыі:

«Нам, вядома, няма неабходнасьці, можа, у дадатковых паветраных сілах, але Расейская Фэдэрацыя абавязаная паводле гэтага пляну (гэта законны дакумэнт) падтрымліваць Беларусь, у тым ліку і ў рамках ВПС».

«Калі з Італіі перакінутыя паўтара дзясятка самалётаў, я думаю, трэба зьвязацца з начальнікам Генштабу Расеі і прапанаваць ім, каб тое падмацаваньне, якое яны абавязаныя даць нам (зараз, дапусьцім, ня больш за 12–15 самалётаў), перагнаць на тэрыторыю Беларусі, вызначыць маршруты патруляваньня, як мы зрабілі для сваіх, запасныя маршруты, і няхай працуюць, патрулююць», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG