Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Смалянчук: З Гародні хацелі зрабіць Тамбоў


Алесь Смалянчук

Алесь Смалянчук

«Гародня: каралеўскі горад з правінцыйным лёсам» — пад гэткай назвай у сэрыі «Гарадзенская бібліятэка» выйшла ў сьвет гісторыя Горадні X–XXI стагодзьдзяў. Выданьне зьявілася дзякуючы беларуска-польскаму аўтарскаму калектыву.

У чым розьняцца погляды беларускіх і польскіх гісторыкаў на гэты памежны горад? Чаго ўсё ж больш у яго мінуўшчыне — каралеўскага ці правінцыйнага? Хто ўвайшоў у топ-дзясятку найвыдатнейшых гарадзенцаў? Госьцем перадачы — адзін з аўтараў і рэдактар кнігі, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

— Алесь, Горадні пашанцавала на гісторыкаў. Перад вашай кнігай у той жа сэрыі выйшлі «Магдэбурская Гародня» Юрыя Гардзеева, даведнік «Біяграфія гарадзенскіх вуліцаў» і слыннае «Гродназнаўства», забароненае гарадзенскай уладай. Чым адметная, чым прыцягальная для чытача новая кніга?

— Мы паспрабавалі напісаць гісторыю Гародні апошняга тысячагодзьдзя. Мы — гэта аўтарскі калектыў у складзе Пшэмыслава Баравіка, Юрыя Гардзеева, Аляксандра Ерашэвіча, Алеся Краўцэвіча, Яна Мілеўскага, Андрэя Павача, Аляксандра Радзюка, Вольгі Сабалеўскай, Віктара Саяпіна, Вячаслава Швэда і вашага суразмоўцы. Такія працы былі, але вельмі даўно. У 1910 годзе кнігу пра Гародню як «заходнерасейскі горад» выдаў Яўстах Арлоўскі, у 1923-м выйшла праца Юзафа Ядкоўскага — адпаведна як пра «польскі горад». Была таксама калектыўная кніжка 1964 году, дзе гаворка ішла пра савецкую Гародню. У Арлоўскага і Ядкоўскага прысутнічалі, вядома ж, пэўныя мясцовыя асаблівасьці. Гэтыя аўтары былі мясцовымі людзьмі, і для іх тое было важным. Мы паспрабавалі напісаць не пра польскі горад, нават не пра беларускі горад, а пра такую Гародню, якой яна была цягам усёй сваёй гісторыі — шматкультурную, шматканфэсійную, шматнацыянальную, зь цікавым і вельмі ўплывовым габрэйскім кварталам. Для мяне было істотна таксама зрабіць галоўным героем кнігі звычайнага гараджаніна. Мы звычайна пішам пра палітычныя, культурныя, эканамічныя падзеі, рэформы і інш. А тут мы паспрабавалі паглядзець, як мянялася жыцьцё звычайнага чалавека. Бо, на маю думку, вельмі часта безыменны гараджанін быў галоўным стваральнікам гісторыі Гародні. Ня Стэфан Баторы, ня князь Вітаўт, а просты чалавек, які тут жыў.

— Сярод аўтараў кнігі ёсьць і польскія гісторыкі. Ці не ўзьнікала ў вас зь імі разыходжаньняў у поглядзе на тыя ці іншыя падзеі?

— Ідэалягічных разыходжаньняў не было. Бо з той канцэпцыяй, пра якую я казаў, пагадзіліся і польскія аўтары. Праўда, часам у іхных тэкстах можна прачытаць рэчы, якія ў некаторых беларускіх чытачоў могуць выклікаць раздражненьне, непаразуменьне. Але гэта нармальная зьява для такой «міжнароднай» працы. Я як рэдактар не хацеў нічога прычэсваць, прыгладжваць, выпраўляць. Для мяне было вельмі важна, каб менавіта польскі гісторык расказаў пра падзеі, зьвязаныя, прыкладам, з Другой сусьветнай вайной. Беларускую вэрсію (нават некалькі вэрсій) мы добра ведаем. Няхай прагучыць і польская. Калі штосьці выкліча дыскусію — давайце спрачацца, давайце размаўляць.

— А што можа выклікаць нязгоду беларускіх чытачоў?

Ня трэба перабольшваць беларускае шчасьце з нагоды прыходу Чырвонай арміі ў Гародню
— Даволі складана ацэньваць, прыкладам, дзейнасьць Беларускага нацыянальнага камітэту ў Гародні. Польскія дасьледчыкі могуць убачыць у гэтым пэўныя праявы калябарацыі. Ці — стаўленьне беларусаў да 1939 году. Ня трэба перабольшваць беларускае шчасьце з нагоды прыходу Чырвонай арміі ў Гародню. Я разумею, што ў мяне на гэтыя падзеі можа быць свой погляд — як у гісторыка і беларуса, а польскі дасьледчык зірне на іх па-свойму.

— Але ж кніга прызначаная для беларускага чытача.

— Яна прызначаная проста для чытача, якому цікавая гісторыя гораду. Мы ня ставілі перад сабой задачу менавіта беларусам распавесьці пра Гародню. Разумееце, калі пачынаецца гаворка пра такія памежныя гарады як Гародня, то прысутнічаюць розныя ўплывы. Мне даводзілася чытаць сучасныя тэксты пра расейскую Гародню, пра тое, што гэта наогул спрадвечны расейскі горад. Але дасьледчыкі, якіх мы сабралі, імкнуліся гэтую «нацыянальнасьць гісторыі» нейкім чынам нэўтралізаваць, падыходзячы з пазыцый больш аб’ектыўных, у нейкі момант, магчыма, забываючы пра сваю ўласную нацыянальнасьць. Калі гараджане становяцца галоўнымі героямі кнігі, нацыянальныя моманты робяцца менш выразнымі і менш важнымі. Калі казаць пра большасьць, не пра эліту, то хутчэй сацыяльны фактар будзе дамінаваць у іх стасунках, а не нацыянальны. Гэта асабліва характэрна для Беларусі.



— На 510 старонках кнігі згадваецца безьліч прозьвішчаў. А ці можаце скласьці топ-дзясятку найвыдатнейшых гарадзенцаў?

— Гэта вельмі складаная задача. Што ж, паспрабую, ідучы па храналёгіі... Першым назаву князя Вітаўта, які меў свой замак у Гародні, быў князем гарадзенскім і троцкім. Далей — караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Потым — Сьвятога Казімера, маладосьць якога была зьвязаная з Гародняй. Далей — Антонія Тызэнгаўза, які фактычна вярнуў Гародню з пэўнага небыцьця, эканамічнага заняпаду; яго рэформы паспрыялі ажыўленьню культурнага і эканамічнага жыцьця. Дзевятнаццатае стагодзьдзе — гэта, безумоўна, Каліноўскі, які тут пачынаў сваю паўстанцкую дзейнасьць. Гаворачы пра культурныя падзеі, не магу не назваць Элізу Ажэшку; ёй давялося жыць у «мураўёўскім» горадзе пасьля задушэньня паўстаньня, яна ў вялікай ступені захоўвала гонар гарадзенцаў, нягледзячы на тое, што жыла на вуліцы Мураўёўскай.

— І яна ў выніку перамагла — цяпер гэта вуліца Ажэшкі.

— Так, перамагла ў змаганьні з Мураўёвым. Згадваючы пазьнейшы час, назаву
Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк, якія супрацьстаялі ідэалягічнаму маразму
ўжо прыгаданага Юзафа Ядкоўскага, хоць гэта ў кагосьці можа выклікаць раздражненьне. Гэты гісторык спрычыніўся да вяртаньня памяці пра Гародню, яго праца — адна зь першых і сур’ёзных па гісторыі Гародні. З паваеннага часу — Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк, якія супрацьстаялі ідэалягічнаму маразму, які тады дамінаваў, з якім змагацца было вельмі і вельмі няпроста. І, як пераход да нашых дзён, — гэта постаць гісторыка Міхася Ткачова. Колькі ўжо? Дзесяць? Хачу яшчэ Зоську Верас прыгадаць, бо гэта ў Гародні яна стала на беларускі шлях, па якім ішла цягам усяго амаль стогадовага жыцьця.

— Здаецца, Сяргей Харэўскі прыдумаў тэрмін урбіцыд — забойства гораду. Ці стасуецца гэты тэрмін да Горадні?

— Яшчэ як стасуецца! Нам вядомы выраз віленскага генэрал-губэрнатара Каўфмана, які прыехаў у Гародню ў 80-я гады ХІХ стагодзьдзя і сказаў: «Здесь будет Тамбов». І Тамбоў з гораду спрабавалі зрабіць — мянялі яго архітэктурнае аблічча. А калі мяняюцца ўмовы жыцьця гараджаніна, то ён таксама пачынае мяняцца. Мяняліся назвы вуліцаў, зьнішчаліся храмы, будаваліся іншыя. Тое ж самае назіралася і ў паваенны час. Тое ж самае, на жаль, застаецца праблемай і для сёньняшняй Гародні. У нас найбольш востра стаіць пытаньне пра далейшы лёс гораду, пра захаваньне яго гісторыка-культурнага аблічча. У нас найбольш востра ідзе барацьба.

— Фару Вітаўта ў 1962-м узарвалі таксама таму, што «рабілі Тамбоў»?

— Не, відаць, пра Тамбоў тут ужо не ішла гаворка. 60-я гады — гэта час
Для тых, хто падпісваў акт аб зьнішчэньні Фары Вітаўта, было важна, што гэта не праваслаўны храм...
праўленьня Хрушчова, час вельмі рашучага, радыкальнага змаганьня з рэлігіяй. Але тут трэба падкрэсьліць адзін момант. Для тых, хто падпісваў акт аб зьнішчэньні Фары Вітаўта, было важна, што гэта не праваслаўны храм... Савецкая ўлада зьбіралася зьнішчыць і другія храмы ў цэнтры гораду, але, падобна, людзі не дазволілі. Гародня супраціўлялася — гэты момант для мяне вельмі важны. Супраціў гораду імпэрыі — імпэрыі расейскай, потым савецкай. Іншым разам даводзіцца чуць: «Вам у Заходняй Беларусі лягчэй». Наадварот, нам цяжэй. Таму што, пачынаючы з часоў Расейскай імпэрыі, у Заходнюю Беларусь пасылаліся найлепшыя кадры ідэалягічныя, тыя, хто павінен быў вынішчаць усё беларускае. Лягчэй сёньня зь беларушчынай, як мне здаецца, у Віцебску ці Магілёве.

— «Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам» — назва трохі правакацыйная. Тут мелі рэзыдэнцыі вялікі князь ВКЛ і кароль Рэчы Паспалітай, кароткі час тут нават была сталіца БНР... Якая ж Горадня правінцыя?

— Каралеўскі горад, каралеўскі лёс — гэта толькі эпізоды. У часы Вітаўта сталіцай была Вільня, у часы Стэфана Баторыя сталіцай Рэчы Паспалітай быў Кракаў. Рэальна Гародня была правінцыяй. Але правінцыя не зьяўляецца для нас кепскім словам. Калі ты ведаеш гісторыю сваёй правінцыі, нават калі там ніколі не бывалі каралі, ты ўсё роўна разумееш важнасьць і значнасьць гэтага месца. Правінцыял — чалавек, які добра ведае сваё паселішча, сваё мінулае, сваю правінцыю і можа ёю ганарыцца. А калі ён ведае і ганарыцца, то і правінцыя становіцца для яго каралеўскім горадам. Лёс усяе Беларусі — лёс у пэўным сэнсе эўрапейскай правінцыі. І што, нам сёньня трэба ірваць на сабе валасы, што так склалася? Беларусь — вельмі цікавая, унікальная сваёй гісторыяй, сваімі культурнымі здабыткамі краіна, і мы мусім гэтым ганарыцца.

— Вы кажаце — Гародня, у Менску часьцей можна пачуць — Горадня. Ці ня варта ўрэшце прыйсьці да нейкай адной формы?

— Мне падаецца, што ў бліжэйшы час мы тут да згоды ня прыйдзем. Гэта вельмі складана. Прыжыліся розныя назвы, дадайце яшчэ афіцыйнае Гродна. Я таксама да канца ня пэўны, якая назва павінна быць. Гародня — гэта тое, што гучыць у самой Гародні. Горадня — часьцей чуем за межамі гораду. У справе папулярызацыі Гародні, можа, Караткевіч дапамог са сваім раманам. Але справа ня толькі ў Караткевічу. Нават калі дасьледчыкі паставяць апошнюю кропку, як прымусіць людзей казаць так, а ня гэтак? Апошнім часам мы выдаем нямала рознай гістарычнай літаратуры, дзе ўсё ж Гародня сустракаецца часьцей за іншыя формы. Дзякуючы гарадзенскім выданьням, у тым ліку дзейнасьці «Гарадзенскай бібліятэкі», форма Гародня пераважае.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG